Гвалтаўнік жэніцца з ахвярай: у Турцыі рыхтуюцца прыняць новы закон

Акцыя пратэсту супраць росту гвалту ў дачыненні да жанчын і бяздзейнасці ўлад, снежань 2019 года, Анкара / Reuters
Акцыя пратэсту супраць росту гвалту ў дачыненні да жанчын і бяздзейнасці ўлад, снежань 2019 года, Анкара / Reuters

У Турцыі збіраюцца прыняць новы закон, паводле якога гвалтаўнік, які ажэніцца з ахвярай, не будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. JAMnews паведамляе, што законапраект неўзабаве будзе разгледжаны парламентам краіны.

Рэакцыя ў Турцыі

Праціўнікі закона, у прыватнасці Народная апазіцыйная партыя, заклікалі адмовіцца ад разгляду закона, бо гэта шлях да ўзаконенага згвалтавання і эксплуатацыі непаўналетніх у сексуальных мэтах.

У 2016 годзе ў Турцыі прапаноўваўся падобны закон, які вызваляе ад пераследу за секс з непаўналетнімі ў выпадку, калі ён меў месца "без прымянення гвалту і пагроз". Законапраект быў кваліфікаваны грамадствам як спроба легалізаваць педафілію і быў адхілены пасля бурнага пратэсту.

Рэакцыя ў свеце

ААН папярэдзіла Турцыю, што прыняцце падобнага закона "адкрывае шлях да хвалі беспакараных злачынстваў супраць непаўналетніх і іх эксплуатацыі".

Лідар грамадскай арганізацыі "Раўнапраўе цяпер" Суад Абу-Дае, якая адстойвае правы жанчын і дзяцей на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы, гаворачы з брытанскай газетай The Independent нагадала, што дзякуючы намаганням грамадскіх актывістаў падобныя законы за апошнія гады былі адменены ў Марока, Палесціне, Егіпце, Ліване, Іарданіі і Тунісе. Турцыі таксама варта ісці гэтым шляхам.

Пазіцыя Эрдагана

Аднак прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган актыўна адмаўляе ідэю аб тым, што жанчына і мужчына павінны мець роўныя пазіцыі ў грамадстве. Ідэю гендарнага раўнапраўя ён называе "супярэчнай прыродзе". Эрдаган, дарэчы, прыхільнік таго, каб жанчыны не працавалі, а заводзілі дзяцей:

"Жанчына, якая адмаўляецца станавіцца маці, таму што працуе, адмаўляе сваю жаночую прыроду", — заяўляў турэцкі лідар.

38% жанчын у Турцыі перажылі фізічны або сексуальны гвалт

Па звестках ААН, 38 працэнтаў жанчын у Турцыі перажылі як мінімум адзін раз фізічны або сексуальны гвалт з боку мужчыны.

У 2017 годзе ў выніку хатняга гвалту ў Турцыі загінулі 409 жанчын. Гэта рэзкае павелічэнне ў параўнанні з усяго толькі 2013 годам, калі загінулі 237 жанчын.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі