Халезін пра тое, як спыніць спрэчкі ў фэйсбуку: нацыя павінна пасталець
Ці магчымае мастацкае выказванне пра балючыя тэмы? Якім яно павінна быць? І як не пасварыцца з аднадумцамі? / pixabay
У перадавых краінах у галіне мастацтва творцы аператыўна выказваюцца пра праблемы і хутка рэфлексуюць. Гэта адбываецца таму, што людзі патрабуюць не столькі адказаў, колькі хоць бы пастаўленых пытанняў, кажа ў эфіры Еўрарадыё драматург Мікалай Халезін.
— А калі мы гаворым пра краіны, якія знаходзяцца ў ізаляцыі, усё адбываецца па-іншаму. Няма культуры актуальнага выказвання. Калі мы гаворым пра актуальнае выказванне, мы гаворым пра тое, што цяпер, у гэты момант адбываецца ў той краіне, мастак з якой спрабуе выказацца.
І гэта заўсёды складана, таму што заўсёды складана рэфлексаваць. Я заўсёды быў праціўнікам таго, каб гаварыць пра сітуацыю "проста з колаў". І ўпершыню за ўсю гісторыю я выказаўся творча [ўсяго] на працягу года пасля таго, што адбываецца. Я напісаў п'есу і паставіў у Эстоніі спектакль пра забойцаў Тарайкоўскага.
Але я стараўся максімальна пазбегнуць усіх адсылак і сувязяў з бягучым момантам. Я гаварыў толькі пра ўнутраны стан чалавека, які забіў іншага чалавека. Толькі пра гэта. Можна перакласці сітуацыю хоць на Грэцыю часоў "чорных палкоўнікаў", хоць на Аргенціну часоў дыктатуры.
Халезін мяркуе, што беларускае грамадства павінна прайсці этап посттраўматычнага сіндрому. Павінна адбыцца фіналізацыя — хай і не канчатковая. Тады беларусам будзе лягчэй абмяркоўваць тое, што адбылося ў 2020 годзе.
А пакуль гэта не адбудзецца, як не дапусціць падзелу аднадумцаў дый беларускага грамадства ў цэлым? Халезін лічыць, што нацыя павінна працягваць сталець.
— Улічваючы, што нацыя за апошнія гады так імкліва сталее, нам трэба і ў гэтых пытаннях пасталець.
І гаворка ідзе не толькі пра ўменне не пасварыцца, размаўляючы пра серыял Андрэя Курэйчыка, але і пра больш агульныя пытанні. Напрыклад, як не пасварыцца, абмяркоўваючы тэму "тыя, хто з'ехаў, і тыя, хто застаўся"? Халезін перасцерагае і ад такіх спрэчак — у тым ліку таму, што і ў гэтай гісторыі, а не толькі ў серыяла Курэйчыка, яшчэ няма фіналу.
— Мы не ведаем, хто вернецца. А што, калі 90% людзей, якія з'ехалі, вернуцца дадому? Я сутыкнуўся з такой самай гісторыяй 11 гадоў таму. Мы былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Цяпер, калі вывожу людзей з Беларусі, я сутыкаюся з дэжавю: бо гэта быў я. Каго мне вінаваціць: тых, хто выязджаў, каб не сесці ў турму? Тых, хто застаецца? Гэта не дарослая, гэта дзіцячая размова.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.