Хан: Дэкларацыя саміту яшчэ абмяркоўваецца, але яна задаволіць усіх
Па словах еўракамісара, нягледзячы на тое, што дакумент яшчэ абмяркоўваецца, “агульная перспектыва ўжо зразумелая”.
У Рызе праходзіць саміт Усходняга партнёрства. Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пашырэнню Ёханес Хан 22 траўня пракаментаваў сітуацыю з выніковай дэкларацыяй саміту. Напярэдадні з'явілася інфармацыя, што Беларусь і Арменія адмовіліся яе падпісваць з-за згадкі пра "анэксію Крыма".
“Мы падрыхтуем такі варыянт дэкларацыі саміту, які задаволіць усіх. Фінальная дэкларацыя яшчэ абмяркоўваецца, але яе агульная перспектыва ўжо зразумелая”, — сказаў еўракамісар адразу па прыездзе ў Нацыянальную бібліятэку Латвіі.
На пытанне журналістаў, як усё ж пераадолець непаразуменні па пытанні Крыма, Хан адказаў: “Ёсць пэўныя ідэі. Нашы партнёры павінны зразумець: гэта, нібыта, тэст на ўменне знаходзіць кампрамісы. Усе 28 краін Еўрасаюза навучыліся такія кампрамісы знаходзіць і зараз гэтаму павінны навучыцца шэсць краінаў-партнёраў”.
Прычым, па яго словах, ЕС павінен “выпрацаваць дыферэнцыраваны падыход да розных краін-удзельніц Усходняга партнёрства”. Галоўнае, сказаў Ёханес Хан, што ёсць агульны інтарэс ва ўсіх — стабільнасць і дабрабыт у рэгіёне. Па яго словах, менавіта гэта — тое, што аб’ядноўвае розныя краіны.
Сёння ж прэм'ер-міністр Фінляндыі Александэр Стуб заявіў, што пытанне Крыма будзе адлюстравана ў выніковым дакуменце Рыжскага саміту.
У пленарным паседжанні саміту Усходняга партнёрства ўдзельнічаюць 28 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краін ЕС ды прадстаўнікі шасці краін-удзельніц Усходняга партнёрства (Беларусі, Украіны, Арменіі, Азербайджана, Грузіі і Малдовы). Адзначым, што нашу краіну прадстаўляе міністр замежных спраў Уладзімір Макей. На такім жа ўзроўні прадстаўлены і Азербайджан. З Грузіі прыехаў у сталіцу Латвіі прэм'ер-міністр, з Украіны, Арменіі і Малдовы — прэзідэнты.