Ізраіль асудзіў на пажыццёвае мужчыну, які 25 гадоў жыў у Беларусі

Валер Саковіч / Yonatan Sindel/Flash90
Валер Саковіч / Yonatan Sindel/Flash90

Ізраільскія следчыя змаглі раскрыць злачынства, здзейсненае яшчэ ў 1993 годзе, дзякуючы дасягненням у сферы вывучэння ДНК. Суд асудзіў на пажыццёвае зняволенне 67-гадовага беларуса Валера Саковіча. Ён прызнаўся ў жорсткім забойстве 27-гадовай Вардыт Бекеркнут, піша выданне The Times of Israel.

Саковіч эміграваў з Беларусі ў Ізраіль у 1990-м годзе. Здзейсніўшы злачынства, ён вярнуўся ў Беларусь і пражыў тут 25 гадоў. Ён зноў прыехаў у Ізраіль толькі ў канцы 2018 годзе.

Следства доўжылася дзесяцігоддзямі

У канцы 2010-х следства змагло ідэнтыфікаваць ўзор ДНК з адзення забітай дзяўчыны. У 1990-х, калі было здзейсненае злачынства, такія тэхналогіі былі недаступныя. Неўзабаве следчыя акрэслілі кола падазраваных, сярод якіх быў і Саковіч, але ён на той момант яшчэ пражываў у Беларусі.

Паводле звестак следства, Саковіч падабраў Бекеркнут, студэнтку факультэта фатаграфіі ў Школе мастацтваў Тэль-Авіва, калі яна аўтаспынам спрабавала дабарацца да дома. Гэтая паездка зрабілася для дзяўчыны смяротнай.

Прызнаў віну

На судзе Саковіч прызнаў віну, суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення волі. Суддзя таксама пастанавіў, што Саковіч павінен выплаціць сям'і забітай каля 74 тыс. даляраў, аднак малаверагодна, што ён зможа гэта зрабіць. На момант затрымання ў 2019 годзе ён жыў у інтэрнаце для бяздомных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі