Качанава: акумулятарным заводам у Брэсце займаюцца кампетэнтныя органы
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава выказалася наконт сітуацыі з акумулятарным заводам у Брэсце. Мясцовыя жыхары амаль паўтара года рэгулярна выходзілі на вулічныя акцыі пратэсту супраць яго будаўніцтва (яны ўпэўненыя, што завод робіць шкодныя выкіды ў атмасферу). І два тыдні таму яно было прыпынена абласнымі ўладамі "да ліквідацыі выяўленых парушэнняў". У пятніцу з'явілася неафіцыйная інфармацыя пра затрыманне бізнесменаў, якія мелі непасрэднае дачыненне да завода. Якраз 28 чэрвеня на БЕЛТА з'явіўся і каментар Качанавай.
Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта нагадала, што паколькі інвестыцыйная дамова заключалася на ўзроўні мясцовых уладаў, то і пытанне будаўніцтва знаходзілася ў іх кампетэнцыі. Паводле слоў Наталлі Качанавай, Аляксандр Лукашэнка даў магчымасць "на працягу пэўнага часу разабрацца з гэтым праблемным пытаннем на месцы". Паколькі мясцовыя чыноўнікі дагэтуль гэтага не зрабілі, "кампетэнтным органам даручана больш глыбока і дэталёва разабрацца з сітуацыяй". Качанава не ўдакладніла, якія менавіта структуры атрымалі даручэнне. "Пэўныя рашэнні" будуць прынятыя пасля разгляду вынікаў іх працы.
Наталля Качанава адзначыла, што вырашэнне падобных пытанняў мусіць адбывацца "больш аператыўна", "каб не выклікаць незадавальненне ці сацыяльную напружанасць у грамадстве".