Як выглядае рэканструкцыя “Дынама”? (Фота)

Мінскі стадыён “Дынама” крок за крокам мяняе аблічча. Будаўнікі збольшага разабралі так званы брыль ― верхні ярус заходняй трыбуны. Але ўжо відавочна, што скончыць рэканструкцыю у наступным годзе будзе немагчыма. Рабочыя пакуль не ўзяліся нават за дэмантаж асвятляльных “мачтаў”.

“Стаіць задача зрабіць гэта да канца лета. Але, наколькі я ведаю, у будаўнікоў ёсць цяжкасці, ― распавядае Юрый Крывадубскі, дырэктар “Дынама”. ― Заказчыкам выступае Упраўленне капітальнага будаўніцтва Мінгравыканкама, і пакуль не могуць знайсці падрадчыка на некаторыя працы. Але, я так разумею, бліжэйшым часам гэта адбудзецца, і працы пачнуцца”.

Еўрарадыё: Калі могуць скончыць разбор стадыёна і пачаць непасрэднае стварэнне новага аблічча?

Юрый Крывадубскі: Я не будаўнік па адукацыі, але ведаю, што першы крок ― гэта праект рэканструкцыі стадыёна, як мінімум, у архітэктурнай стадыі. Яго стварэнне працягваецца. Будўніцтва можна пачынаць, калі такі праект прайшоў экспертызу. Пасля трэба распрацоўваць далейшыя стадыі.

Еўрарадыё: Калі рэканструкцыя можа быць цалкам скончаная? Выглядае, што ў 2014-2015-ых гадах гэтага не здарыцца…

Юрый Крывадубскі: Я магу толькі рабіць спасылкі на еўрапейскі досвед. Праектаванне займае каля 8-і месяцаў. Будаўніцтва аб’ектаў такога ўзроўню, як наш, ― каля трох гадоў. Я не будаўнік, не праекціроўшчык, не магу за іх адказваць. Але ў Еўропе, калі будуюць, арыентуюцца на такія лічбы. Верагодна, што праектаванне пройдзе больш хутка. Але, я так разумею, што лічбы не могуць адрознівацца на парадак. Два з паловай-тры гады на гэта, відаць, спатрэбіцца. У нас ёсць прыклады “Мінск-арэны”, “Чыжоўка-арэны”. Я не думаю, што рэканструкцыя “Дынама” можа быць завершаная хутчэй.

Такім чынам, калі скласці прыкладныя тэрміны разнастайных прац, то першы матч на абноўленым “Дынама” можа быць згуляны не раней за кастрычнік 2016-га года. Кошт рэканструкцыі, калі грунтавацца на іншых праектах нямецкай кампаніі GMP, можа быць не меншым за 120 мільёнаў еўра. 

Частка заходняй трыбуны ў стадыі разбору

Рабочыя пазіраюць на сваю працу

Гістарычны фасад "Дынама" загадана захаваць.

Асвятляльныя мачты будуць "зразаць" пасля разбору брыля

Новае пакаленне мясцовых катоў не пабачыла вялікі футбол 

Замест будынка, дзе раней месціліся білетныя касы "Дынама", будзе ўзведзены гандлёвы цэнтр

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі