КДБ: Ці ёсць у Алесіна адвакат? Ніякіх каментароў
Учора журналісту было выстаўленае абвінавачанне ў здрадзе дзяржаве. Аднак афіцыйнай інфармацыі няма дагэтуль.
Дагэтуль няма ніякай афіцыйнай інфармацыі па справе затрыманага ў канцы лістапада КДБ журналіста газеты "Белорусы и рынок" Аляксандра Алесіна. Па словах сваякоў, 8 снежня стала вядома, што яму выставілі абвінавачанне. Гэта артыкул 356 "Здрада дзяржаве" і 356.1 "Выдача дзяржаўнай таямніцы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці прадстаўніку, альбо шпіянаж". Журналісту і ваеннаму аналітыку пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Еўрарадыё 9 снежня датэлефанавалася да кіраўніка прэс-службы КДБ Артура Стрэха і пацікавілася, ці можа ён што-небудзь паведаміць пра Аляксандра Алесіна, дзе ён знаходзіцца і ці ёсць у яго адвакат?
"Не, ніякіх каментароў пакуль", — двойчы сказаў Стрэх.
Нагадаем, як інфармуе Радыё Свабода, разам з Аляксандрам Алесіным у мінскай кавярні супрацоўнікі КДБ затрымалі дыпламата адной з еўрапейскіх краін. У апошняга знайшлі нейкія сакрэтныя дакументы і цяпер следчыя высвятляюць, ці не перадаваў іх яму журналіст.
“Да Алесіна магла трапіць сакрэтная інфармацыя, а ён яе распаўсюдзіў”
Фота — bymedia.net