КДБ распачаў крымінальную справу ў дачыненні бізнесмена Віктара Лемяшэўскага
КДБ распачаў крымінальныя справы па артыкулах "Атрыманне хабару" і "Дача хабару" ў дачыненні дырэктара кампаніі "ПАК-кіраванне" Віктара Лемяшэўскага, галоўнага бухгалтара ТАА "Белінвестгандаль-Сплаў" Святланы Лемяшэўскай, экс-дырэктара, а цяпер начальніка аддзела тэхнічнага развіцця "Белінвестгандаль-Сплаў" Сяргея Ахрэмчука, намесніка дырэктара таго ж прадпрыемства Івана Пакіслюка, інфармуе аддзел інфармацыі Генеральнай пракуратуры. Генпракуратура прыняла справы ў вытворчасць. 1 ліпеня згаданыя асобы ўзятыя пад варту.
Віктар Лемяшэўскі — уладальнік акумулятарнага завода ў Брэсце, будаўніцтва якога было прыпыненае пасля масавых і працяглых пратэстаў мясцовых жыхароў. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі Генеральная пракуратура праводзіць праверку па пытанні будаўніцтва і ўводу ў эксплуатацыю прадпрыемства.
Таксама стала вядома, што адноўлена следства па прыпыненых крымінальных справах у дачыненні двух індывідуальных прадпрымальнікаў Сяргея Жуковіча і Дзмітрыя Рудскога. Яны былі раней распачатыя па фактах парушэння падатковага і экалагічнага заканадаўства. Жуковіча і Рудскога ўзялі пад варту. Генпракуратура абяцае, што будзе дадзена прававая ацэнка дзеянням "і іншым службовым асобам, у тым ліку і дзяржаўным органам".