Кіраўніцтва "Беларуснафты" адпраўляюць працаваць запраўшчыкамі і касірамі
Незвычайная акцыя пройдзе ў нядзелю, 27 кастрычніка.
Як паведамляе БЕЛТА, на адзін дзень кіраўнікі і вядучыя спецыялісты цэнтральнага апарата кампаніі "Беларуснафта" выйдуць на працу ў якасці запраўшчыкаў паліва, працаўнікоў кафетэрыя, касіраў аўтазаправачных станцый фірмовай сеткі прадпрыемства.
Намеснік гендырэктара "Беларуснафты" Сяргей Каморнікаў стане касірам на АЗС № 77. Папрацуе касірам і начальнік упраўлення цэнтральнага апарата кампаніі Юрый Ананчанка. У якасці запраўшчыкаў паліва паспрабуюць свае сілы дырэктар "Беларуснафты-Гомельаблнафтапрадукта" ды начальнікі ўпраўленняў.
Агулам у акцыі возьме ўдзел 21 супрацоўнік кампаніі. Мяркуецца, што часовая змена месца працы дапаможа ім "знутры даведацца пра сітуацыю, з якой штодня сутыкаюцца пакупнікі і персанал АЗС".
Нагадаем, што 27 кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка.
Фота — bymedia.net