Кіроўцы скардзяцца на чэргі: яны гадзінамі чакаюць магчымасці заехаць у Беларусь
Чарга ў бок выезду з Польшчы / Еўрарадыё
Кіроўцы скардзяцца на працяглае чаканне ў чэргах на выездзе з Польшчы ў бок Беларусі. Хоць на профільным сайце польскіх памежнікаў сказана, што час чакання для легкавых аўтамабіляў — усяго каля гадзіны, кіроўцы расказалі Еўрарадыё, што прастаялі ў чэргах каля трох гадзін.
Мясцовае выданні "Віртуальны Брэст" піша, што кіроўцы нават пачалі сігналіць клаксонамі, каб прыцягнуць увагу. Так рабіць нельга, але, гледзячы па ўсім, яны зусім стаміліся ад шматлікіх гадзінаў чакання ў чэргах.
На рэгіянальных брэсцкіх форумах жартуюць — і гэта яшчэ палякі ў Беларусь па бязвізе не рванулі. Наш суразмоўца пацвярджае: сапраўды, не рванулі. Большасць аўтамабіляў у чэргі на выезд з Польшчы — на беларускіх нумарах.
Кіроўцы фур знаходзяцца ў яшчэ больш непрыемнай сітуацыі. Ім сайт польскай памежслужбы праракае 22-гадзіннікавае чаканне ў чарзе.
І нават гэта не параўнальна з сітуацыяй, якая склалася з беларускага боку памежных пунктаў пропуску. Самая вялікая чарга сабралася на беларуска-літоўскай мяжы ў пункце пропуску Каменны лог — там магчымасці заехаць у ЕС чакаюць больш за тысячу фур. На беларуска-польскай мяжы становішча крыху лепшае — там заезду ў Польшчу чакаюць больш за 400 фур.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.