“Клуб ездавых сабак” зменіць закон “Аб масавых мерапрыемствах”

Арганізатарка “пакатушак стыляг” Ірына абскардзіць прысуд — 2 мільёны штрафу за парушэнне закону “Аб масавых мерапрыемствах”. Адначасова некалькі аматарсткіх таварыстваў вырашылі звярнуцца да дэпутатаў парламента з патрабаваннем змяніць гэты закон. Пра гэта Еўрардыё даведалася ад старшыні Мінскага велатаварыства Яўгена Харужага.

Яўген Харужы: “Клуб ездавых сабак”, яны занадта часта сутыкаліся з праблемамі, і Паўночна-Заходняе спартовае агенцтва. Іх прапанова, каб з падпарадкавання закона “Аб масавых мерапрыемствах” вынесці невялічкія спартовыя і не толькі спартовыя мерапрыемствы. Трэба мяняць закон, бо ён занадта забараняльны для невялікіх мерапрыемстваў”.

Нагадаю, 17 жніўня па горадзе раз'язджалі сапраўдныя стылягі — дзяўчаты ў сукенках у гарошак і маладыя людзі ў строях у стылі шасцідзесятых. А 2 верасня арганізатарку заезду Ірыну аштрафавалі — за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Па словах Яўгена Харужага, арганізатары такіх мерапрыемстваў проста не здольныя дзейнічаць у адпаведнасці з патрабаваннямі закона.

Яўген Харужы: “Яны часта плануюцца спантанна, яны невялічкія, а аб’ём узгадненняў, які патрэбны ў нас у Мінску для таго, каб правесці любое мерапрыемства, атрымліваецца не таго памеру ў параўнанні з аб’ёмам самога мерапрыемства. Таму гэтым ніхто не будзе ніколі займацца”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі мерапрыемства, з-за якога ўсё і пачалося, называе “крэатыўным і цікавым шоў, больш бы такіх”. Але сітуацыю з пакараннем арганізатара не лічыць “недапрацаванасцю закона”.

“Я ўпэўнены, што гэта не той выпадак! — адмятае Вадзім Дзевятоўскі. І тлумачыць, чаму арганізатары нават невялікіх мерапрыемстваў павінны атрымліваць дазвол. — Калі збіраецца чалавек 50-60, можа ўзнікнуць банальнае аргпытанне: магло ж так патрапіць, што ў горадзе было б паралельнае мерапрыемства. Трэба ж, каб не сутыкнуліся два мерапрыемства ілбамі і не атрымалася нейкай… мітусні. Ідэя класная, пазітыўная, пабольш бы такога, але не складана зрабіць лішні званок, каб пракансультавацца, ці прыйсці і абазначыць сябе ў выканкам. Я ўпэўнены, што гэта будзе падтрымана ўладамі”.

Ніхто не патрабуе браць дазвол у мясцовых уладаў на тое, каб згуляць у двары ў футбол ці праехацца групай у 3-5 чалавек на роварах па веладарожках, падтрымлівае калегу дэпутат Аляксандр Зазуля.

Аляксандр Зазуля: “Ёсць месцы адведзеныя для катання на роварах, там хоць 40 чалавек катайцеся — ніякіх праблем! Але калі яны выедуць поўным… момантам, на праезджую частку, на плошчу нейкую заедуць, яшчэ некуды — тут ужо пытанне”.

Дэпутат Зазуля раіць звяртацца не да дэпутатаў, а ў суд. Маўляў, нічога ў самім законе змяняць не трэба. А трэба вучыцца жыць і адпачываць у адпаведнасці з ім.

Аляксандр Зазуля: “Утварыўся прэцэдэнт, не трэба нікуды бегчы! У суд. А суд дакладна адпрацуе. У суда ёсць яшчэ і права прыватнае вызначэнне вынесці. Тым жа органам унутраных спраў”.

Іншая справа, што вучацца не толькі арганізатары мерапрыемстваў, але і міліцыянты, адзначае Яўген Харужы. І прыгадвае выпадак з экскурсійнымі пакатушкамі ў Віцебску, там удзельнікаў мерапрыемства штрафавалі ўжо не за парушэнне закона “Аб масавых мерапрыемствах”, а за адсутнасць ліхтарыкаў, катафотаў ці званкоў на роварах.

Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі