КНДР і дэфіцыт: што чакае беларусаў, калі зацягнецца стрымліванне цэн

Пустыя паліцы крамаў цалкам могуць стацца беларускай рэальнасцю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пустыя паліцы крамаў цалкам могуць стацца беларускай рэальнасцю / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Раман Галоўчанка нядаўна спрабаваў растлумачыць Лукашэнку, што ёсць зусім аб'ектыўныя прычыны росту цэн у Беларусі. Да іх прэм'ер-міністр аднёс "усплёск дэвальвацыі на фоне спецыяльнай ваеннай аперацыі" і "дыспарытэт курса беларускага рубля да расійскага". Маўляў, шэсцьдзясят адсоткаў імпарту з таго, што закладваецца ў тавары, ідзе з Расіі. Лагічна, што гэта цягне аўтаматычнае падаражэнне сабекошту прадукцыі.

Але Лукашэнка нічога не хоча чуць. Ён задзейнічае ўсе наяўныя адміністрацыйныя рэсурсы і загадвае цэнам не расці. Рытэйл хапаецца за галаву і думае, як цяпер выжываць. А ў доўгатэрміновай перспектыве замарозка цэн ударыць і па спажыўцу, у інтарэсах якога ўводзілася стрымліванне.

Пра тое, калі чакаць дэфіцыту тавараў і што будзе з рознічным гандлем у Беларусі, у інтэрв'ю Еўрарадыё расказвае Валянцін Сакалоўскі, дырэктар па развіцці бізнесу кампаніі Datatile у Расіі і Усходняй Еўропе.
 

"Абгрунтуйце калькуляцыю выдаткаў"

Цяпер цэны не тое каб зусім не могуць павялічвацца. Могуць, але толькі пасля санкцыі мясцовых уладаў.

КНДР и дефицит: что ждёт белорусов, если затянется сдерживание цен

— Стрымліванне вельмі дрэнна адаб'ецца на буйным і дробным рытэйле, але не толькі на ім, — кажа Валянцін Сакалоўскі. — Напрыклад, для таго, каб кавярня або сталовая цяпер маглі запусціць у вытворчасць новую салату, ім трэба падаць калькуляцыю і абгрунтаваць цану на кожны з інгрэдыентаў. Трэба даказаць, што моркву, капусту і ўсё астатняе яны купляюць па абгрунтаванай цане.

У першую чаргу будзе небяспечная нават не сама забарона на падвышэнне цэн, а тое, што правілы гульні настолькі рэзка мяняюцца, што ты проста згортваеш усю ініцыятыву, актыўнасць і будзеш існаваць па мінімуме, каб неяк выжыць. Закране абсалютна ўсіх.

Прасцей скараціць асартымент, чым пастаянна бегаць на "ўзгадненні"

Ну падалі ў выканкам калькуляцыю выдаткаў, падумаеш. Вам яе ўхвалілі, гандлюйце сабе далей. У чым праблема?

— Чаму СССР не мог справіцца з вытворчасцю, з планаваннем? Таму што занадта шмат тавараў, занадта часта ўсё мяняецца і хутка адбываецца. Ніколі нельга загадзя запланаваць, — тлумачыць Валянцін Сакалоўскі. — Прыклад з той жа салатай: ты падаў заяўку, узгадніў — але тут штосьці памянялася. Перасталі вазіць турэцкія яблыкі, пастаўшчыка маянэзу трэба памяняць — ды што заўгодна. Давядзецца працэс па абгрунтаванні і ўзгадненні зноў праходзіць.

І ты, хутчэй за ўсё, скажаш: ды навошта яно мне трэба, я лепш не буду прадаваць гэтую салату. Выбіраючы баланс прыбытку і рызыкі, рытэйлеры будуць выбіраць больш бяспечную стратэгію. Замест таго каб развіваць бізнес, яны палічаць за лепшае максімальна скараціць асартымент. Перакласці гэта на нейкія звёны, завесці дырэктараў, якія будуць працаваць год праз тры.

КНДР и дефицит: что ждёт белорусов, если затянется сдерживание цен
Саюз прадпрымальнікаў прагназуе дэфіцыт тавараў і развіццё шэрага рынку / belretail.by

— Базавы закон эканомікі паказвае, што баланс знаходзіцца там, дзе дастатковая колькасць спажыўцоў гатовыя заплаціць дастатковую цану, а вытворцы гатовыя дастаткова вырабіць і прадаць па гэтай цане, — працягвае Валянцін Сакалоўскі. — У нашым выпадку атрымаецца так, што вытворца не зможа вырабляць тавар па фіксаванай цане. І, хутчэй за ўсё, улічваючы рызыку, што тавар можа падвесці яго пад артыкул, ён палічыць за лепшае ад яго адмовіцца.

Мы будзем назіраць зніжэнне асартыменту. Гэта ў першую чаргу закране ўласную вытворчасць. У другую чаргу — імпарт. Нагадваю, што ў нас, акрамя барацьбы з ростам цэн, абвешчана яшчэ і барацьба з "неабгрунтаваным пасярэдніцтвам", якое можна трактаваць вельмі шырока. Абгрунтаванае яно або не — гэта на меркаванне канкрэтнага афіцэра Камітэта дзяржкантролю або іншых органаў.
 

Замарозка цэн ператворыцца ў дэфіцыт?

КНДР и дефицит: что ждёт белорусов, если затянется сдерживание цен
Паліцы крамы ў Жодзіне / "Зеркало"

Як стрымліванне цэн адаб'ецца на беларусах?

— Кароткатэрмінова будзе лепш, — лічыць Валянцін Сакалоўскі. — Цэны расці не будуць, спажывец будзе эканоміць. У доўгатэрміновай і нават сярэднетэрміновай перспектыве, калі пачнецца дэфіцыт, давядзецца прыдумляць нейкія схемы для таго, каб зніклыя тавары атрымаць. Зразумела, што вы не будзеце заказваць авіяпоштай глазураваныя сыркі. Але, акрамя гэтага, ёсць тавары, адмовіцца ад якіх праблематычна. Падгузкі, дзіцячае харчаванне, пральныя парашкі і гэтак далей. Рэчы, з якіх складана пераключыцца на іншы брэнд. І нават тыя міжнародныя вытворцы, якія працягваюць працаваць з Беларуссю, могуць паглядзець на сітуацыю і сказаць: ды мы проста ад гэтага рынку адмовімся.
 

Можна замарожваць цэны бясконца, калі ёсць мэта пабудаваць Паўночную Карэю

КНДР и дефицит: что ждёт белорусов, если затянется сдерживание цен
Пустыя паліцы ў краме Венесуэлы / Reuters

Як доўга можна стрымліваць цэны?

— Усё залежыць ад таго, на якім этапе мы хочам стабілізаваць рынак, — кажа Валянцін Сакалоўскі. — Калі мы хочам, каб рынак працаваў як рынак, то прыкладна паўгода можна стрымліваць. У нас ужо быў такі выпадак, калі долар упаў у тры разы, а цэны рванулі ўсяго толькі ў паўтара-два разы, у тым ліку і праз выдаткі. Трываласці эканомікі хапіла на паўгода. Тады мэта была ў тым, каб у добрым сэнсе нармалізаваць сітуацыю, даць рынкавым механізмам працаваць.

У нас ёсць прыклад Венесуэлы, дзе дагэтуль ёсць дзяржаўнае рэгуляванне цэн і пякельны дэфіцыт. Туалетная папера па талонах — гэта не метафара і не пужалка. Дзе людзі атрымліваюць па талонах усё, ад бензіну да хлеба, але эканоміка не ўпала. Калі ў Беларусі стаіць задача пабудаваць Венесуэлу або КНДР, то можна цэны стрымліваць бясконца.

Увесь цяперашні ўрад, у тым ліку Лукашэнка, разумее, што ўся гэтая тэма з замарожваннем цэн не працуе. Яны ўжо спрабавалі гэта неаднаразова.
 

"Таргашы" не вінаватыя

КНДР и дефицит: что ждёт белорусов, если затянется сдерживание цен
Лукашэнка адчытвае прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку і злуецца, што растуць цэны / "Пул Первого"

Ці можа быць так, што "таргашы", як называе прадпрымальнікаў Лукашэнка, змовіліся і вырашылі для павелічэння прыбытку неабгрунтавана нагнаць цэны?

— Тэарэтычна можна ўявіць сітуацыю, у якой у Беларусі няма дзяржаўнага рэгулявання і спецыяльных кантрольных органаў, — каментуе Валянцін Сакалоўскі. — І пры гэтым ёсць абмежаваная колькасць рытэйлераў, якія ўступілі ў картэльную змову і ўзгаднілі абсалютна ўсе пазіцыі. Яны не канкуруюць паміж сабой, падзялілі рынак па нейкіх зразумелых групах — напрыклад, геаграфічных — і адначасова завысілі цэны на ўсё.

Але ў нашай рэальнасці ні адна з гэтых умоў не выкананая. У нас ёсць дзяржаўныя органы, якія за гэтым сочаць. Ёсць самарэгулявальная арганізацыя, "Асацыяцыя беларускага рытэйлу", якая кантактуе з дзяржаўнымі органамі і даносіць іх волю. Няма і картэльнай змовы: сеткі "рубяцца" паміж сабой за долю пірага, няма ніякіх геаграфічных або асартыментных ніш. Таму калі адна сетка раптам вырашыць завысіць цэны абсалютна на ўсе тавары, то яна проста прайграе канкурэнцыю, разарыцца і пойдзе з рынку.

Розніца — не такі бізнес, у якім уваткнуў краму і адразу азалаціўся. Па эканамічным планаванні і фінансавым прадказанні ён у тры разы складанейшы за фінансавую мадэль вытворчасці. Падыход "давайце лупіць вялікую надбаўку" даўно ўжо перастаў працаваць. Розніца даўно перастала быць антылопай, якая пастаянна нясе залатыя манеты. Гэта вельмі няпросты і нервовы бізнес. А ў беларускіх рэаліях яшчэ і рызыкоўны. Адна рэч, калі ты махінуеш, як [гандлёвая сетка], і садзішся. І іншая рэч, калі ты, як хлопцы з "Дабранома", садзішся за тое, што проста робіш сваю працу.
 

Яшчэ адна версія пра прычыну замарозкі цэн

— У мяне ёсць нічым не пацверджаная гіпотэза пра тое, што беларускія вытворцы папросту не змаглі заняць нішу, якая вызвалілася пасля сыходу замежных кампаній, — выказвае здагадку Валянцін Сакалоўскі. — І яе пачалі займаць расійскія вытворцы, якім вельмі камфортна на нашым рынку з узроўнем цэн, які ўсталяваўся, і досыць нізкай канкурэнцыяй. Гэта тыя, хто не тлуміць сабе галавы наконт якасці, выканання заканадаўства і гэтак далей.

Але мы ж не можам сказаць “расіяне, ідзіце вы адсюль. Мы вас на рынак пускаць не хочам, не для вас мы яго расчышчалі". І замест таго, каб неяк кропкава рэгуляваць, як гэта было раней, яны з пляча секанулі ўсіх.

У Беларусі за "завышэнне" цэн затрымалі ўжо 20 чалавек. На гэтай жа падставе распачалі 34 крымінальныя справы, паведамляе тэлеканал АНТ са спасылкай на Камітэт дзяржаўнага кантролю. Часцей за ўсё выяўляецца нібыта завышэнне цэн на мясную, малочную, хлеба-булачную прадукцыю, на бытавую тэхніку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі