"Крамбамбуля" рыхтуе альбом ў стылі "махровай антысаветчыны"
Песні будучай пласцінкі будуць распавядаць пра змаганне вольналюбівых людзей з ворагам.
Гурт "Крамбамбуля" актыўна працуе ў студыі. Як паведамляецца, новы альбом гурта будзе складацца з "партызанскіх" песень.
"Песні новай праграмы ўмоўна "партызанскія", яны распавядаюць пра змаганне вольналюбівых людзей з нейкім ворагам, — тлумачыць лідар гурта Лявон Вольскі. — Тут мы маем справу з "махровай антысаветчынай", бо вораг — гэта савецкая сыстэма, ці то, як кажуць некаторыя, "савецкая акупацыя", якая пачалася на нашых землях з 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Але пра гэтыя драматычныя падзеі "Крамбамбуля" спявае з уласцівымі ёй гумарам ды іроніяй".
Рэліз альбома адбудзецца бліжэй да канца года.
Упершыню новую праграму "Крамбамбулі" можна будзе пачуць 2 жніўня на літоўскім оўпэн-айр фэсце "Galapagai", на які беларусы маюць магчымасць атрымаць бясплатныя візы.