“Латэнтныя мужчыны” ці надта высокі пісуар (фота са спектакля)

Жанчыны — у чорным, на абцасах, з чырвонымі вуснамі і адчайныя. Мужчыны — у белых “баксёрах”, прыгожыя і пасіўныя. І пісуары, падвешаныя да сцяны на ўзроўні галавы. Але даскочыць да іх мужчыны не могуць — занадта высока. А можа, і не варта?

“Працуючы са студэнтамі, часам назіраеш, як многія хлопцы не хочуць браць на сябе адказнасць ці паводзяць сябе не зусім па-мужчынску, — распавядае Еўрарадыё рэжысёр Яўген Карняг. Мы на прэм’еры яго новага спектакля “Латэнтныя мужчыны”.То бок, мужчына — не зусім мужчына. І пры гэтым з палавымі органамі і сексуальнай арыентацыяй у яго ўсё нармальна. І вось, я пачаў разбірацца, якія яны, мужчыны. Разам са студэнтамі мы пачалі капацца ў псіхалогіі, што вырасла ў працу. Але першапачаткова была мэта разабрацца ў сучаснай моладзі, і не толькі ў моладзі”.

Шэрыя сцены аўдыторыі тэатральнага факультэта, дзе граюць спектакль студэнты 3 курса Акадэміі мастацтваў, татальная духата, гульня цемры і святла, бязлікасць герояў — проста мужчыны і жанчыны, з якімі час і грамадства робяць непапраўнае.

“Мы назіраем праблему дэградацыі мужчын і дамінавання жанчын: жанчыны становяцца альфа-самкамі, а мужчыны перад імі прыніжаюцца, — дзеліцца ўражаннямі ад спектаклю Ірына. — Тут уздымаюцца праблемы, якія прымушаюць гледача задумацца і над сваімі паводзінамі, і над паводзінамі тых, хто існуе з табой побач”.

“Латэнтныя мужчыны” — гэта гульня стэрэатыпамі, перавернутай свядомасцю і незваротнасцю “феміннасці адных і мускулінасці іншых”. Жанчыны прагнуць кахання, але ці могуць яны яго атрымаць ад тых, хто не здольны на ўчынак? У выніку каханне атручвае, абдымкі душаць, а шчырасць робіцца агрэсіяй.

“Не магу сказаць, што Жэня тут выступае абсалютна за жанчын,  — расшыфроўвае ідэю аўтара харэограф і актрыса “Карняг-тэатра” Вольга Скварцова. — Тут такая дваякая пазіцыя, і ўвогуле, праблема часу: настолькі няправільна змясціліся акцэнты, што “жаночая сіла і эмансіпэ” — гэта проста абарончая рэакцыя, якая сфарміравалася такім чынам у мужчын, і такім чынам у жанчын, і ўсё гэта набыло хваравітыя маштабы”.

45 хвілін. Вершы пра каханне — Карняг эксперыментуе — жанчыны не могуць маўчаць! Ім патрэбныя вершы. І супергерой. Але ён не можа апраўдаць чаканні: дабрацца да пісуара — гэта адно, а папісаць… ужо іншае.

“Я ўсё чакаў, што напрыканцы спектакля надыдзе гармонія паміж мужчынамі і жанчынамі, — кажа глядач Лёха. — Гэта была б, канечне, папса. Але гармонія не наступіла, і гэта класна!”.

Гармонія не наступіла. І наўрад ці наступіць. Хоць змяніць незваротны працэс можа сам глядач, калі перагледзіць уласныя паводзіны.

"Я ведаю, што гэты спектакль не пусты. Але хваліць яго ці лаяць не даводзіцца, — кажа Яўген Карняг. — Я ведаю дакладна, што ён заслугоўвае ўвагі, а далей — гэта справа гледача прымаць яго ці не. Таму што для многіх гэта будзе занадта жорстка, многія не захочуць слухаць гэтую тэму — перверсіі сексуальных і сацыяльных паводзін, некаму гэта будзе цікава. Нехта пазнае сябе і зразумее, хто ён насамрэч”.

Спектакль “Латэнтныя мужчыны” у Мінску наступным разам будуць граць у верасні. Пра дакладную дату спектаклю можна будзе даведацца ў афіцыйнай суполцы тэатру. Дагэтуль п’еса праедзецца па трох еўрапейскіх тэатральных фэстах.

Больш фота: vk.com/album-7115114_175317095, http://www.facebook.com/media/set/?set=a.660272180654247.1073741855.147859111895559

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі