Litesound: пасля “Еўрабачання” дзяржаўныя ўстановы адвярнуліся ад нас
Па словах музыкаў, за апошні год яны ніводнага разу не з’явіліся на беларускім тэлебачанні.
Вакаліст Litesound Дзмітрый Каракін кажа, што доказаў таго, што нехта помсціць гурту за гісторыю з “Еўрабачаннем”, няма. Але тое, што гурт стаў непажаданым на афіцыйных мерапрыемствах, кажа само за сябе:
“Пасля “Еўрабачання” дзяржаўныя ўстановы быццам бы адвярнуліся ад гурта. За год мы ні разу не перступілі парог беларускага тэлебачання, — распавядае Еўрарадыё Дзмітрый Каракін. — Нас амаль не запрашаюць на вялікія канцэрты. Дзень Незалежнасці, Дзень горада Мінска… Нідзе мы не былі. Хіба што 9 траўня выступілі, але гэтае выключэнне, хутчэй, пацвярджае правіла. Вось свежы прыклад: рэжысёр Дня Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары” хацеў запрасіць нас. Але аргкамітэт фэста і чыноўнікі з Мінкульта чамусьці выказаліся рэзка супраць. Мне сказалі, што на нас там ліўся бруд…”
А 15 ліпеня міліцыя адмовіла музыкам Litesound у тым, каб расследаваць фальсіфікацыю вынікаў “Еўрафэста 2012”. Нагадаем, спачатку пераможцай была абвешчана Алёна Ланская. Але выбухнуў скандал, і права ўдзельнічаць у “Еўрабачанні 2012” ўсё ж аддалі Litesound.