Лукашэнка і прадстаўнік ЗША гаварылі пра правы чалавека і Украіну (відэа)

27 лютага ў Мінску прайшла сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Эрыка Рубіна. Як інфармуе БЕЛТА, гаворка ішла пра двухбаковыя беларуска-амерыканскія дачыненні, у тым ліку пра пытанні "праблемнага характару". Аднак падрабязнасці не паведамляюцца. Вядома толькі, што Лукашэнка і Рубін размаўлялі пра сітуацыю "ў Еўрапейскім рэгіёне". Было адзначана, што апошнім часам дачыненні Беларусі і ЗША набываюць "станоўчую дынаміку".

Амбасада ЗША ў Мінску больш падрабязна праінфармавала пра сустрэчу. Паведамляецца, што Аляксандр Лукашэнка і Эрык Рубін гаварылі пра "правы чалавека і дэмакратызацыю, стан беларускай эканомікі, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі, уключна з сітуацыяй ва Украіне". Намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША падкрэсліў "прыхільнасць Злучаных Штатаў да суверэнітэту і незалежнасці ўсіх дзяржаў".

Лукашэнка і Рубін абмеркавалі магчымасці пашырэння супрацоўніцтва з Беларуссю "па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць". Пры гэтым прадстаўнік ЗША падкрэсліў даўнюю занепакоенасць Вашынгтона станам правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі. Злучаныя Штаты чакаюць "канкрэтных крокаў" ад афіцыйнага Мінска "для паляпшэння сітуацыі ў гэтых сферах", у тым ліку ў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, якія мусяць прайсці ў нашай краіне сёлета.

Як можна меркаваць, на сустрэчы гаварылі пра беларускіх палітвязняў.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі