Маці анархіста: У мяне адкрыліся вочы на нашу праваахоўную сістэму
Сваякі і сябры асуджаных анархістаў уражаныя жорсткімі прысудамі. На іх думку, абвінавачанне разваліліся на вачах.
27 траўня суд Заводскага раёна Мінска прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным знішчэнні маёмасці пецярых анархістаў. Суддзя Жанна Хвайніцкая прыгаварыла Ігара Аліневіча да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Мікалая Дзядка – да 4,5 гадоў, Аляксандра Францкевіча – да трох гадоў. Яшчэ два ўдзельнікі справы: Максім Веткін і Яўген Сілівончык атрымалі па 4 і 1, 5 года хіміі.
“Гэта найгрубейшае парушэнне закона і парушэнне правоў чалавека ў прынцыпе, не кажучы ўжо пра парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. – Не пагадзіўся з прысудам былы суддзя і бацька асуджанага анархіста Аляксандр Дзядок. – Доказаў віны цалкам няма. Законны суд апраўдаў бы іх па ўсіх артыкулах”.
Перад абвяшчэннем прысуду хлопцы выглядалі бадзёра. Некаторыя усміхаліся. Прысуд затрымалі на 10 хвілін, бо спазняўся адзін з адвакатаў.
Анархістаў абвінавацілі ў тым, што яны летась закідалі кактэйлямі Молатава расійскую амбасаду і ізалятар на Акрэсціна. Таксама хлапцам інкрымінавалі закідванне фаерамі казіно “Шангры Ла”, будынку федэрацыі прафсаюзаў і спробы падпалу аддзяленняў “Беларусбанка” і банка “Масква-Мінск”.
У залі суда сабраліся бацькі, сваякі і сябры асуджаных. Чакалі прысуду каля 30 чалавек, пры гэтым усе месцы былі занятыя, таму многія ў залу трапіць не здолелі.
Маці Аляксандра Францкевіча, які атрымаў 3 гады калоніі, сцвярджае, што падчас следства на яе сына аказваўся ціск: яго прымушалі даваць паказанні супраць іншых, але ён адмовіўся.
Таццяна: “Я чакала больш мяккага прысуду. Абвінавачанні развальваліся на вачах. Сведкі блыталіся ў паказаннях. Хлопцы проста іншых поглядаў, не так кажуць, не туды ходзяць, а трэба, каб па струнцы хадзілі”.
Маці Ігара Аліневіча, які атрымаў найбольшы жорсткі прысуд, падзякавала за падтрымку сябрам свайго сына.
“Я не стрымала слёз, калі сведкі ўсе адмаўляліся ад паказанняў і распавядалі пра ціск, які на іх аказвалі праваахоўныя органы. У мяне адкрыліся вочы на нашу праваахоўную сістэму, якая не ахоўвае нас, а збівае бязвінных. Калі я ішла на суд, спецназавец мне сказаў, папалася б ты мне, я б з табой ведаеш, што зрабіў! Каб я адмовілася ад свайго сына, мяне трэба забіць!”.
Актывіст экалагічнага руху Уладзімір Валодзін не патрапіў на абвяшчэнне прысуду. У зале не хапіла месцаў. Ён упэўнены, што гэты працэс насіў цалкам палітычны характар.
“Прысуды неабгрунтавана жорсткія, тэрміны вялікія, доказы недастатковыя, сведкі блытаюцца ў паказаннях. Сведкі заявілі пра гэты ціск на судзе. Канечне, гэта палітычныя зняволеныя. Спадзяюся, яны выйдуць на волю раней”.
Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч будуць абскарджваць вынесеныя сёлета прысуды. Вызвалены ў судзе Максім Веткін ад каментароў адмовіўся і хутка з’ехаў у суправаджэнні сваякоў.
Фота: ria.ru