Магілёўскага барда Аляксандра Баля затрымалі пасля даносу памежніка
Аляксандр Баль / facebook.com
Магілёўскага барда Аляксандра Баля затрымалі пасля даносу памежніка, піша viciebskspring.org. Ён атрымаў 15 сутак за распаўсюд "экстрэмісцкіх матэрыялаў" у сацсетках.
Пра затрыманне Баля і адміністрацыйны арышт стала вядома ў сярэдзіне чэрвеня. Цяпер жа праваабаронцы даведаліся падрабязнасці яго справы. Яна пачалася з таго, што ў аператыўна-дзяжурную службу Гарадоцкага РАУС (Віцебская вобласць) паступіла паведамленне супрацоўніка памежнага паста ў гарадскім пасёлку Езярышча, які пры аглядзе тэлефона барда знайшоў у ім падпіскі на тг-каналы, уключаныя ў спіс "экстрэмісцкіх". Міліцыянеры склалі пратакол. Адміністрацыйную справу разглядала суддзя суда Гарадоцкага раёна Алена Віхаценка. Акрамя арышту, яна прыняла рашэнне аб канфіскацыі тэлефона.
Аляксандр Баль — лаўрэат разнастайных фестываляў бардаўскай песні. Пасля пачатку масавых рэпрэсій ён напісаў песню "На родине моей беда", у якой адназначна выказаў сваю грамадскую пазіцыю. Напрыканцы 2021-га яго звольнілі з пасады загадчыка музычнай часткі Магілёўскага драмтэатра.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.