Магілёўскага сацыял-дэмакрата аштрафавалі на 4,5 млн рублёў
У аўтамабілі актывіста міліцыянеры знайшлі амаль 12 тысяч незарэгістраваных газет. Суд палічыў гэта распаўсюдам.
На 30 базавых велічынь (4,5 мільёны рублёў) аштрафаваны намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Ігар Барысаў за распаўсюд незарэгістраваных газет “Наш Магілёў” і бюлетэнь “Сацыял-дэмакрат”. Такое рашэнне 12 жніўня прыняў магілёўскі раённы суд. Уначы 16 ліпеня ў прыгарадзе абласнога цэнтра супрацоўнікі ДАІ спынілі аўтамабіль Барысава. Па словах дарожных інспектараў, на гэтай машыне было здзейснена хуліганства ў Бялынічах. Для разбіральніцтва актывісту загадалі праехаць у РАУС. У аддзяленні міліцыі дагледзелі машыну і канфіскавалі ўсю друкаваную прадукцыю — 11 800 асобнікаў газет. Ігар Барысаў збіраецца абскардзіць рашэнне суда ў судзе вышэйшай інстанцыі і мяркуе дайсці аж да Камітэта ААН па правах чалавека.