Марзалюк: новы парламент будзе працаваць над новай Канстытуцыяй

Марзалюк: новы парламент будзе працаваць над новай Канстытуцыяй

У Беларусі чакаюцца важныя канстытуцыйныя змены. Пра гэта падчас сустрэчы з выбаршчыкамі ў СШ № 40 Магілёва 5 лістапада заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. Ён балатуецца ў парламент па Магілёўска-Ленінскай акрузе № 84. Аўдыёзапіс беларускамоўнага выступу Марзалюка змешчаны на сайце mspring.online.

Што ж такога сенсацыйнага сказаў Ігар Марзалюк? Ён акрэсліў задачы новага парламента, дэпутатам якога зноў спадзяецца стаць. “Важнейшая задача для парламента, для тых, хто прыйдзе, — гэта праца над новым варыянтам Канстытуцыі, над новай мадэллю палітычнай сістэмы, — гаварыў палітык. — Ясна, што ўсё гэта будзе праходзіць праз рэферэндум”.

Марзалюк патлумачыў прысутным, чаму наспеў такі крок. Паводле яго слоў, наша краіна знаходзіцца “на зломе эпох”, яна намагаецца захаваць сваю дзяржаўную незалежнасць. Але ранейшы, савецкі “рэсурс” ужо вычарпаны, наспелі змены. Тым больш, што змяняецца грамадства.

“Ёсць 17 розных варыянтаў Канстытуцыйнага акту на сённяшні дзень, — гаварыў Ігар Марзалюк тое, пра што не гавораць на дзяржаўных тэлеканалах. — Канстытуцыйны акт прадугледжвае… Пераразмеркаванне функцый улады”.

Улада збіраецца пайсці на “вялікую лібералізацыю”. Марзалюк згадаў пра адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, рэформу мясцовага самакіравання. У новай сістэме парламент можа атрымаць больш улады, у тым ліку над прэм'ерам. Што ж зменіцца з паўнамоцтвамі кіраўніка дзяржавы, пакуль невядома.

Паколькі існуе 17 варыянтаў Канстытуцыйнага акту, значыць пакуль незразумела, які з іх у выніку будзе прыняты за аснову. Невядома, калі нарэшце гэтая тэма стане шырока асвятляцца ў дзяржаўных СМІ. Задача ўлады, якую пераказвае Ігар Марзалюк, зразумелая — поўная легітымнасць краіны ў свеце, захаванне незалежнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі