Медыкі выкідалі вакцыну і давалі справаздачу, што правялі вакцынацыю — Швед
Вакцыну знайшлі на сметніках у Мінскай і Гомельскай абласцях / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Пракуратура высветліла, што медыкі ў шэрагу беларускіх рэгіёнаў выкідалі на сметнік прыдатную да выкарыстання вакцыну супраць каранавіруснай інфекцыі. На сметніках у Гомельскай і Мінскай абласцях былі выяўленыя 6405 упаковак на суму больш за 180 тысяч рублёў. Заведзеныя крымінальныя справы.
"Пакуль, папярэдне, на паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва", — кажа генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед. Яго словы прыводзіць БЕЛТА. Усяго за мінулы і пачатак гэтага года пракуроры завялі больш за 60 крымінальных спраў у сферы аховы здароўя. Швед таксама расказаў пра круцельства з "кавіднымі надбаўкамі". Паводле яго, "галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700%". А медсёстрам, якія ўласна кантактавалі з пацыентамі — 27-29%.
"Гэта здзек над людзьмі, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах", — ацаніў сітуацыю Швед.
Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па сітуацыі ў ахове здароўя. Выказаў незадаволенасць і паабяцаў "садраць шкуру" з чыноўнікаў і галоўных лекараў, калі яны не навядуць "парадак".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.