Мэр Брэста заступіўся за сучасны помнік "палюбоўніку"

Інсталяцыя з'явілася тыдзень таму ў Брэсце на двухпавярховіку па вуліцы Дзяржынскага. Устанавілі манекен ля акна свайго офіса супрацоўнікі кампаніі "Бюро святаў". Дырэктар агенцтва Сяргей Вінакураў распавядае, што ідэя ўзнікла пасля падарожжа ў сталіцу Чэхіі. Менавіта ў Празе ён убачыў манекен, які нібыта збягае праз акно з нажом у спіне.

Ад ідэі з нажом брастаўчане адмовіліся, але інсталяцыяй усё адно зацікавіліся міліцыянты, а ў дадатак, яшчэ і камунальныя службы. Своеасаблівы гумарыстычны арт-аб'ект яны не ацанілі і загадалі, каб аўтары знялі з акна знакамітага героя показак.

"Кожны па-свойму аргументаваў. Міліцыя кажа, што гэта ўяўляе небяспеку, бо можа адчапіцца і зваліцца на галаву людзям... ЖЭС кажа, што мы без дазволу ўсталявалі рэкламны выраб. Але ж рэкламы тут ніякай няма: вы ж не бачыце тут ніякага надпісу? Гэта — проста ўпрыгожанне такое... Ахова помнікаў кажа, што ўвогуле нельга нічога чапляць на фасад без дазволу Міністэрства культуры", — распавядае Еўрарадыё Сяргей Вінакураў.

Будынак пачатку ХХ стагоддзя па вуліцы Дзяржынскага сапраўды з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ахоўваецца дзяржавай. Калісьці тут размяшчалася тайная польская паліцыя, а ў савецкія часы — НКУС. Але ці псуе гістарычны дом манекен, які прычэплены да сучаснага падваконня?

Змаганне з палюбоўнікам зайшло настолькі далёка, што яго лёс давялося вырашаць кіраўніку Брэсцкага гарвыканкама Аляксандру Рагачуку. "Палюбоўнік" у рэшце рэшт застаўся на сваім акне.

Сяргей Вінакураў: "Я быў вымушаны звярнуцца да мэра. Я вельмі рады, што ён апынуўся больш сучасным чалавекам, чым згаданыя структуры. Вы ж ведаеце, як у нас часта адбываецца: спачатку забароняць, а ўжо пазней пачнуць разбірацца, патрэбна гэта ці не. Мэр пайшоў насустрач, сказаў, што не бачыць тут нічога дрэннага. І вось пасля яго ўхвалы нам стала лягчэй — гэтыя ўсе структуры адхлынулі".

Дарэчы, з'яўленне пластыкавага “палюбоўніка” менавіта на гэтым будынку звязанае з гарадской легендай. У даваенныя часы афіцэр польскай арміі нібыта застрэліў у гэтым доме палюбоўніка сваёй жонкі. Адбылося гэта акурат у той момант, калі мужчына спрабаваў уцячы праз акно.

Сяргей Вінакураў таксама хоча размясціць пад вокнамі дома металічную шыльду ў выглядзе сэрца. Такім чынам ён хоча увекавечыць памяць пра ахвяру фатальнага кахання і прыцягнуць увагу да гэтай гарадской легенды. Праўда, наступным разам, з’яўленне аб'екта, патэнцыйна цікавага для турыстаў, дакладна будзе спачатку ўзгадняцца з брэсцкімі ўладамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі