Мінабароны РБ анансавала заняткі з вагнераўцамі
Вагнеравец / ria.ru
Мінабароны РБ пракаментавала вывад расійскіх вайскоўцаў з беларускіх палігонаў, які заўважылі СМІ. Як гаворыцца ў паведамленні прэс-службы, падрыхтоўка папярэдніх вайскоўцаў РФ была паспяхова завершаная, і цяпер "палігоны Узброеных Сіл краіны рыхтуюцца прыняць чарговую змену для правядзення мерапрыемстваў сумеснай падрыхтоўкі ваеннаслужачых Беларусі і Расіі".
Таксама ў беларускім Мінабароны анансавалі заняткі з вагнераўцамі: "Па прыбыцці прадстаўнікоў ПВК "Вагнер" і іх разгрупавання на палігонах для правядзення заняткаў і ўзаемнага абмену вопытам, асаблівую ўвагу плануецца надаць прыёмам і спосабам вядзення баявых дзеянняў Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь".
Раней у СМІ з'яўляліся паведамленні, што для размяшчэння вагнераўцаў уладкоўваюць лагер у Асіповіцкім раёне. Аднак беларускія ўлады заявілі, быццам гэты лагер прызначаны для тэрабароны. Туды нават звазілі заходніх карэспандэнтаў, каб прадэманстраваць пусты пакуль што намётавы лагер.
У NATO таксама заявілі, што не бачаць прыкмет перамяшчэння ў Беларусь ні вагнераўцаў, ні расійскай ядзернай зброі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.