Мінгандлю: У рэстаране кліент мае права папрасіць вагі і праверыць страву

7 ліпеня Мінгандлю прыпыніла працу рэстарана "Журавінка", рэстарана хуткага абслугоўвання Food Republic і кавярнi River Cafe. Сярод іншага апынулася, што ўстановы абвешвалі наведвальнікаў ― часам стравы важылі на 40% менш, чым мусілі.


Еўрарадыё пацікавілася ў галоўнага кантралёра Мінгандлю Валяр'яна Бяспалага, што трэба рабіць, калі ў рэстаране табе падаецца, што страва мусіць быць большай. 


"Калі ў вас ёсць сумневы, вы маеце права папрасіць, каб яны пры вас пераважылі прыгатаваныя інгрэдыенты", ― раіць Валяр'ян Аляксандравіч.


Тое, што кліент мае права праверыць страву на вагу, кажа і гаспадар кавярні "Бітлджус" Ян Бусел:


"У меню побач са стравай указваецца колькі грамаў на выхадзе. Адпаведна, калі ты адчуваеш, што ў цябе недабор, можаш папрасіць прынесці вагі і ўзважыць. Самае цікавае, што, калі кухня аддае страву, яна яе ўзважвае. То бок ставіцца талерка, лічбы абнуляюцца і туды па грамах накладаецца, напрыклад, салата". 


Атрымліваецца, што ў зачыненых кавярнях кепска працавалі вагі?


Па словах Бяспалага, парушэнні ў працы рэстаранаў былі выяўленыя падчас пазапланавай тэматычнай праверкі міністэрства, дзе пра факты "недобрасумленных порцый" было вядома. Інфармацыя была пацверджаная дзякуючы кантрольнаму ўзважванню. Праўда, падкрэслівае чыноўнік, 40% ― гэта максімум, былі і меншыя адсоткі абважвання.


"Таксама былі выяўленыя і іншыя недахопы, такія, як рэалізацыя пратэрмінаванай прадукцыі, як пакупной, так і ўласнай вытворчасці, ― працягвае Валяр'ян Бяспалы. ― То бок гэтыя рэстараны не наладжваюць адпаведны кантроль над працай сваіх тэхналагічных службаў. Там, дзе добры кантроль, такога не бывае".


У інтэрв'ю onliner.by i relax.by кіраўніцтва Food Republic і "Журавінкі" выказала меркаванне, што "нехта вырашыў ім нашкодзіць", бо цягам васьмі гадзін без перапынку рэстараны правяралі пяць чалавек. Пратэрмінаванымі прадуктамі, якія згадвае Мінгандлю, апынуліся напоі Coсa-Cola і Burn, што былі "ўжо спісаныя, знятыя з вытворчасці і ў іншыя бары не паступалі". А недахопы ў вазе страваў складалі ўсяго 2-6 грамаў. Цяпер кіраўніцтва працуе над выпраўленнем памылак і спадзяецца хутка аднавіць працу рэстаранаў.

Фота: vagon-restoran.kiev.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі