Мінінфармацыі не выносіла папярэджанні сайтам
У ведамстве паведамілі, што гэта не папярэджанні, а інфармацыйныя лісты аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства.
У сярэдзіне траўня лісты з Міністэрства інфармацыі атрымалі адразу некалькі вядомых інтэрнэт-рэсурсаў. Сярод іх сайт радыёстанцыі “Радыё Рацыя”, музычны партал “Тузін.fm”, сайт Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У інтэрнэце пайшла пагалоска аб папярэджаннях, якія нібыта атрымліваюць інфармацыйныя рэсурсы. Як расказалі Еўрарадыё ў прававым аддзеле Мінінфармацыі, гэта не так:
“Дакументы, атрыманыя названымі вамі сайтамі, не з’яўляюцца папярэджаннямі. Гэта інфармацыйныя лісты аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства. Мы не можам пакуль назваць вам прычыны таго, чаму іх вырашылі даслаць менавіта ў такія рэдакцыі. Міністэрства інфармацыі цяпер займаецца складаннем базы ўладальнікаў сайтаў”, — паведамілі Еўрарадыё ў Мінінфарме.
Пасля ўвядзення зменаў у закон “Аб сродках масавай інфармацыі” ў Беларусі доступ да любога інфармацыйнага інтэрнэт-сайта можна закрыць за два і больш папярэджанняў, атрыманых на працягу года.
Мінінфармацыі вынесла папярэджанне сайтам АГП і Tuzin.fm?
Фота з архіву