Мінскія падлеткі збілі інвалідаў
Два падлеткі беспрычынна напалі на кампанію, у якой былі інваліды з дзяцінства.
Супрацоўнікі міліцыі па гарачых слядах затрымалі двух хлопцаў, якія збілі інвалідаў. Бойка адбылася ўвечары 18 лютага. Як паведамляе прэс-служба мінскай міліцыі, кампанія з трох хлопцаў і дзвюх дзяўчат вярталася дадому з хакейнага матча. На вуліцы Фролікава ім сустрэліся два агрэсіўна настроеныя непаўналетнія падлеткі. Без тлумачэння прычын яны напалі на кампанію, пачаўшы збіваць хлопцаў. Дзяўчатам удалося ўцячы.
Сярод пацярпелых апынуліся два інваліды з дзяцінства. Мінакі выклікалі міліцыю на месца здарэння. Праваахоўнікам удалося хутка затрымаць нападнікаў.
Зламыснікамі апынуліся 16-гадовы дзесяцікласнік і 17-гадовы навучэнец каледжа. Яны пацвярджаюць, што прычынаў для канфлікту не было, і не могуць растлумачыць свой учынак.
На хлопцаў пачалі крымінальную справу за хуліганства. Ім пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Фота — mix-fighting.ru