Мітрапаліт Кандрусевіч падзякаваў усім, хто дапамог яму вярнуцца ў Беларусь
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 24 снежня вярнуўся ў Беларусь і адразу ж скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску. Ён асабіста выказаў падзяку за вяртанне Папу Францішку і яго прадстаўніку ў нашай краіне апостальскаму нунцыю Антэ Ёзічу, паведамляе сайт catholic.by.
Акрамя таго кіраўнік беларускіх католікаў падзякаваў усім, хто дапамог яму вярнуцца ў Беларусь пасля чатырох месяцаў прымусовай адсутнасці.
"Найперш выказваю словы шчырай падзякі Святому Айцу Францішку і дзяржаўнаму сакратарыяту Святога Пасаду. Папа і яго бліжэйшыя супрацоўнікі кардынал П’етро Паралін, арцыбіскупы Пол Рычард Галахер і Антоніо Меніні, а таксама апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч і спецыяльны пасланнік Пантыфіка арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці прыклалі шмат намаганняў для станоўчага вырашэння праблемы майго вяртання ў Беларусь з Польшчы.
Ад усяго сэрца дзякую беларускім біскупам, асабліва маім дапаможным Юрыю Касабуцкаму і Аляксандру Яшэўскаму, святарам, кансэкраваным асобам і вернікам за намаганні і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртання.
Удзячны шматлікім Канферэнцыям каталіцкіх біскупаў, паасобным духоўным асобам, дзяржаўным і грамадскім дзеячам розных краін свету за іх старанні як мага хутчэй вырашыць праблему, якая ўзнікла.
Не магу не ўзгадаць з удзячнасцю Касцёл у Польшчы, які не толькі маліўся ў маёй інтэнцыі, але і прадставіў месца, дзе я мог прабываць. Гэта найперш парафіі св. Антонія ў Сакулцы і св. брата Альберта ў Моньках Беластоцкай архідыяцэзіі, а таксама парафія Божага Провіду ў Бельску-Падляскім Драгічынскай дыяцэзіі", — заявіў мітрапаліт Кандрусевіч.
Таксама ён падзякаваў беларускім уладам: "З удзячнасцю прымаю рашэнне дзяржаўных уладаў, якое дазволіла вярнуцца на радзіму і займацца духоўным кіраўніцтвам даручанымі маёй пастырскай апецы вернікамі".
Сёння мітрапаліт Кандрусевіч адслужыць у мінскім архікафедральным касцёле імшу па-польску ў 19:00, а па-беларуску — у 21:00.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.