МУС адмаўляецца рыхтаваць асобны закон супраць хатняга гвалту
Міністэрства ўнутраных справаў лічыць мэтазгодным адмовіцца ад падрыхтоўкі самастойнага закона супраць хатняга гвалту. Праблемы ў гэтай сферы прапаноўваюць вырашаць шляхам карэктавання ўжо існуючага заканадаўства. Такое рашэнне звязанае з “высокім грамадскім розгаласам і меркаваннем рэлігійных арганізацыяў”. Пра гэта гаворыцца ў адказе МУС на калектыўны зварот аргкамітэта па зборы подпісаў за перагляд канцэпцыі законапраекта “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”, піша Katolik.life
Калектыўны зварот склала група асобаў, якія пазіцыянуюць сябе як пралайфераў.
Пры гэтым у лісце, атрыманым з МУС, прыводзіцца наступная статыстыка: штогод у органы ўнутраных справаў паступаюць звесткі пра болей за 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў. Да адміністратыўнай адказнасці прыцягваюцца болей за 50 тысяч чалавек, да крымінальнай — каля 2,5 тысячы чалавек. Штогод ад рук сваіх блізкіх гіне болей за 100 чалавек — траціна ад усіх загінулых ад забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў. У болей як 80% выпадкаў галоўнай прычынай злачынстваў і правапарушэнняў робіцца злоўжыванне алкаголем.
У МУС адзначаюць, што канцэпцыя закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту не нясе пагрозы традыцыйнаму інстытуту сям’і і не ўтрымлівае палажэнняў “ювенальнай юстыцыі”. Паняткі “гендэр” і “гендэрная роўнасць” не ўводзяцца ў праект канцэпцыі. А панятак “хатні гвалт” дакладна вызначае, што гэта наўмысныя супрацьпраўныя дзеянні. Нягледзячы на гэта ў ведамстве вырашылі адмовіцца ад далейшай працы над законапраектам.
Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў дакумент і назваў яго “дурасцю, узятай з Захаду”. Ён распавёў, як калісьці выхоўваў дзягай свайго старэйшага сына і паабяцаў, што беларусы будуць кіравацца “выключна ўласнымі інтарэсамі, нашымі беларускімі, славянскімі традыцыямі”.