На чым трымаецца беларускі рубель?

Рэальны сектар моліцца на дэвальвацыю. Людзі “вывезлі з краіны” 3 мільярды долараў. Інфляцыя за 8 месяцаў склала 8,2%. А долар з пачатку года падаражэў усяго на 480 рублёў.

“З пачатку года, калі лічыць да долара, дэвальвацыя склала 5,5%. А ўзровень інфляцыі ў нас 8,2% за 8 месяцаў. То бок, гэта крыху ніжэй за ўзровень інфляцыі”, — распавядае Еўрарадыё віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч.

Долар даражэе павольней, чым таннее рубель? У адказ на здзіўленне журналіста Пётр Пятровіч толькі ўсміхаецца: “Дык вы хочаце, каб я вашы прапановы па дэвальвацыі перадаў у Нацыянальны банк?”

Эксперты МВФ яшчэ ў траўні сцвярджалі, што рубель пераацэнены. Называлі і канкрэтную лічбу — 11%. То бок, час “упасці” рублю прыйшоў яшчэ ўчора. Гэта дапамагло б выправіць сітуацыю з экспартам з краіны — разгрузіць склады.

З траўня на 8% патаннеў да долара расійскі рубель. Гэта стварае дадатковыя складанасці для беларускага экспарту. А Расія — наш асноўны рынак збыту, на яе прыходзіцца 50% нашага знешняга гандлю.

Ціснуць на рубель і з іншага боку. З траўня скарачаюцца нашы залатавалютныя рэзервы. За 4 месяцы — на 554,7 мільёнаў долараў. У першай палове года беларусы здавалі ў банкі больш долараў, чым набывалі. Гэта дапамагала Нацбанку нарошчваць ЗВР. Але ў траўні сітуацыя кардынальна змянілася. У выніку на пачатак верасня беларусы купілі амаль на 1 мільярд долараў больш, чым прадалі.

Аляксандр Лукашэнка днямі называе яшчэ большую лічбу: 3 мільярды долараў. Менавіта столькі, на яго думку, сёлета вывезлі з краіны аматары шопінгу ў Польшчы і Літве. Мінулым разам мы чулі з яго вуснаў нешта падобнае ў красавіку 2011 года, за паўтара месяцы да дэвальвацыі. Тады кіраўнік краіны тлумачыў валютны крызіс ажыятажным попытам на іншамаркі.

“Насамрэч, лічба ў 3 мільярды долараў не дакладная. Рэальна яе трэба падзяліць на тры, — лічыць незалежны аналітык Сяргей Чалы. — З аўтамабілямі дакладна так, там было каля 1 мільярда. А палічыць, наколькі закупіліся людзі, увогуле вельмі складана. Але пытанне не ў тым, дакладная лічба ці не. Што агульнага ў тым, што насельніцтва ездзіць па барахло і ў тым, што насельніцтва скупляе аўтамабілі? Прадвеснік крызісу — абвінавачванні ў бок насельніцтва”.

Забараняючы Нацбанку правесці дэвальвацыю па патрабаваннях прамысловасці, Аляксандр Лукашэнка кажа, што беларускі рубель “будзе ці ўмацоўвацца, ці аслабляцца ў залежнасці ад попыту і прапановы”. Чым большы попыт — тым глыбей падзенне. А хто стварае попыт на валюту? Правільна, тое самае шкоднае насельніцтва, якое так любіць польскія джынсы і літоўскі сыр. Словы прэзідэнта трэба разумець так, што яно і прывязе дэвальвацыю само сабе.

А вось камерцыйныя банкі цяпер на рынак валюты амаль не ціснуць. Яны і рады б цяпер набыць долары і спакойна зарабіць на магчымай дэвальвацыі. Але ўжо некалькі месяцаў ім не хапае… рублёў!

Банкі сутыкнуліся з недахопам рублёў улетку, калі пачаўся адток рублёвых укладаў. Каб утрымаць укладчыкаў, некаторыя павысілі стаўкі па дэпазітах да 45% гадавых! Але Нацбанк стварае штучны крызіс ліквіднасці, задавальняючы толькі частку заявак на рублі ад камерцыйных банкаў.

Апошнія SWAP-аўкцыёны Нацбанка. 1/3 заявак на беларускія рублі не задаволеная.

“Калі б грашовы рынак быў нармальным, свабодным, дык кінуліся б набываць долары, і яны сталі б даражэй. Што робіць Нацбанк: ён фактычна стварае крызіс ліквіднасці, заціскаючы менавіта рублёвую прапанову. То бок, жадаючыя набываць долары ёсць, бо курс не роўнаўзважаны. Але дзе ты возьмеш рублі, каб зрабіць гэта?” — працягвае Сяргей Чалы.

Да таго ж, з 6 верасня Нацбанк падняў стаўку па рублёвых “крэдытах овернайт” на 5% — да 45% гадавых. Па такім адсотку камерцыйныя банкі “пазычаюць” у Нацыянальнага грошы на кароткі тэрмін (напрыклад, на ноч, як гэта заяўлена ў назве крэдыту). Рубель стаў яшчэ даражэйшым, і на грашовым рынку ў банкаў не хапае ўжо 8 трыльёнаў рублёў.

Банкі, якім не хапае рублёў, выстаўляюць прывабныя стаўкі па дэпазітах, і людзі пакідаюць грошы на рахунках. Паніку на валютным рынку і масавы сыход “з рублёў”, з якіх пачыналіся дэвальвацыі 2011 года, пакуль што ўдаецца стрымліваць.

Фота: 222.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі