“На кітайскіх сайтах усё таннае. А наша прадукцыя — сярэдні ўзровень і вышэй"
Беларусь працуе над прасоўваннем сваіх тавараў на папулярныя кітайскія інтэрнет-сайты Aliexpress і Alibaba. Пра гэта 14 снежня заяўляе намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч:
"Частка тавараў "Беллегпрама" ужо прасоўваецца праз пляцоўкі Aliexpress і Alibaba... Ёсць дамоўленасці з буйнымі кітайскімі пляцоўкамі, каб яны прыехалі да нас з мэтай прасоўвання нашых тавараў. Мы ў гэтым зацікаўленыя. І, дарэчы, яны ў гэтым зацікаўленыя, таму што пасля пэўнага часу актыўнай экспансіі кітайскіх тавараў на сусветныя рынкі яны зацікаўленыя ў якасным замежным тавары сярэдняга цэнавага сегмента. Наш тавар такім і з'яўляецца".
Еўрарадыё вырашае паглядзець, што беларускага можна набыць на папулярных кітайскіх пляцоўках. На Aliexpress нічога айчыннага не сустракаем. А вось на сайце Alibaba ёсць і наша гарэлка, і цукеркі фабрык "Спартак" і "Камунарка", і крышталь фабрыкі "Нёман", і трактары (!) Belarus i Polesie, і лідская лакафарба, і цацкі фабрыкі "Палессе".
"Мы на прамую з Alibaba не працуем. Гэта робіць наша прадстаўніцтва ў Германіі, — распавядае начальнік аддзела маркетынгу кампаніі "Палессе" Андрэй Марчук. — Але там размешчаныя аб'явы для аптавікоў. Адпаведна, набыць нейкую адну цацку на кітайскім сайце немагчыма. Гэта можна зрабіць на інтэрнет-пляцоўках Беларусі і Расіі, дзе парадку 200 інтэрнэт-крамаў выстаўляюць прадукцыю "Палесся". Цяпер усё больш і больш людзей набываюць тавары праз інтэрнэт. Таму перспектыва ў гэтым ёсць".
А вось дзяржынская швейная фабрыка Eliz размяшчаць свае тавары на кітайскіх пляцоўках не збіраецца і ў першую чаргу з-за цэнавай канкурэнцыі.
"На гэтых сайтах усё таннае, кошты ніжэй сярэдняга ўзроўню. А наша прадукцыя — гэта сярэдні ўзровень і вышэй", — кажуць у аддзеле маркетынгу прадпрыемства.
Надзеі на тое, што на Aliexpress і Alibaba можна будзе набыць паліто беларускай кампаніі Elema таксама не шмат: такое пытанне кіраўніцтвам пакуль не разглядалася. Затое не выключана, што праз пэўны час асартымент кітайскіх сайтаў папоўніць трыкатаж ад "Світанка":
"Мы пакуль не працуем, але разглядаем варыянты працы з гэтымі пляцоўкамі".
Фота: belta.by