На машыну Гайдукевіча партыйцы сабралі 23 тысячы долараў

Намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч пахваліўся tut.by сваёй новай машынай — Toyota Sequoia. Як стала вядома Еўрарадыё, абышлася яна былому начальніку Фрунзенскага РУУС сталіцы ў 45 тысяч долараў. Адкуль такія грошы ў падпалкоўніка міліцыі?!



Алег Гайдукевіч: “У мяне была да гэтага машына, якую я прадаў, — Chrysler 300C. 20 тысяч долараў яна каштавала… ці 22. Я яе прадаў, і пасля таго, як практычна год адпрацаваў у партыі, купіў гэтую (Toyota Sequoia. — заўв. Еўрарадыё) машыну”.



Карацей, палова машыны належыць асабіста Гайдукевічу-малодшаму, а на другую палову скінуліся партыйцы-прадпрымальнікі. Цікава, што сваю папярэднюю машыну, Chrysler за больш чым 20 тысяч долараў, Гайдукевіч набыў падчас сваёй працы ў міліцыі. Няўжо супрацоўнікі праваахоўных органаў так добра зарабляюць?



Алег Гайдукевіч: “За 20 тысяч машыну начальнік міліцыі можа набыць без праблем. Заробак — 8 мільёнаў, плюс — калі ў яго ёсць нейкія грошы, якія з’явіліся ў выглядзе спадчыны. У мяне дзед памёр, пакінуў мне кватэру — я яе прадаў”.



І робіць нечаканую выснову: што неабходна для таго, каб міліцыянеры не бралі хабар.



Алег Гайдукевіч: “У мяне сям’я была дастаткова забяспечаная заўжды. І мае бацькі, і мае дзядуля з бабуляй — я рос у забяспечанай сям’і. Таму, калі я працаваў у міліцыі, мне не трэба было браць хабар — бо ў мяне ўсё было!”



Да ўсяго, сышоўшы з міліцыі ў апазіцыю, падпалкоўнік Гайдукевіч у заробку нічога, паводле яго слоў, не згубіў. Кажа, і зараз зарабляе звыш 1 тысячы долараў у месяц. Але не ў партыі — працуе дарадцам ў камерцыйных фірмах. Якіх — не гаворыць, але прызнаецца: якія належаць сябрам ЛДПБ. І кпіць з калег па апазіцыі: нідзе не працуюць, тым не менш заходнія грошы за сваю дзейнасць маюць, але паказаць іх баяцца і таму ездзяць на танных машынах. Усе, абураецца Гайдукевіч, апроч “хітруна” Андрэя Дзмітрыева (намеснік лідара кампаніі “Гавары праўду!”), які мае ажно (!) Lexus RX. Не вядома, за якія грошы набыты.



Андрэй Дзмітрыеў расчароўвае: яго “ажно” Lexus каштуе напалову танней за Toyota Sequoia Гайдукевіча.



Андрэй Дзмітрыеў: “Машына 2006 года Lexus RX. Ён тады мне абышоўся дзесьці ў 24-25 тысяч долараў — у ЗША замаўляў праз знаёмых”.



Каб прыдбаць “прэстыжны” Lexus, Дзмітрыеў прадаў старую Volvo і даклаў “пэўную суму”. І грошы гэтыя, сцвярджае, ён зарабіў не з дапамогай заходніх грантаў на барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі.



Андрэй Дзмітрыеў: “У мяне быў бізнес, які я закрыў у 2009 годзе, калі вырашыў займацца кампаніяй прэзідэнцкай, каб не было праблемаў. І гэты бізнес даваў мне грошы”.



Машына лідара руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча ў два разы таннейшая за Lexus Дзмітрыева і амаль у чатыры — за Toyota Sequoia Гайдукевіча.



Аляксандр Мілінкевіч: “У мяне Volvo xc90. Абышлася яна ў 12 тысяч долараў — машыне ўжо трэці год. А ўвогуле яна 2005 года”.



Зарабіў на скандынаўскі джып Мілінкевіч лекцыямі ў замежных ВНУ.



Аляксандр Мілінкевіч: “Ажно ў Кембрыджы чытаў! І ў Нямеччыне чытаю, і ў Польшчы, і кніжкі выдаю ды рэдактарам працую. Таму ў мяне заробкі высокія. Я, калі ішоў у парламент (на парламенцкія выбары 2012 года. — заўв. Еўрарадыё), то ў мяне выходзіла ў дэкларацыі па 2 тысячы еўра ў месяц”.



За свайго Volkswagen Jetta 2006 года старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька аддаў у 2009 годзе каля 10 тысяч долараў. Усе, сцвярджае, сумленна зарабіў на партыйнай працы — на пасадзе старшыні партыі палітык штомесяц атрымлівае каля 500 долараў.



Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зараз ездзіць на бацькоўскай Audi 80 1997 года выпуску. Праўда, свая машына ў палітыка раней была — Mitsubishi Galant 1999 года. Абышлася яна яму ў 6 тысяч долараў. Але год таму палітык на ёй трапіў у аварыю, атрымаў за машыну страхоўку і замест таго, каб набыць новую, аплаціў гэтымі грашыма арэнду партыйнага офісу. У планах — набыць нешта замест бацькоўскай Audi, але грошай бракуе…

Фота: tut.by, Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі