На "Славянскім базары" журналісты з Расіі не зразумелі міністра культуры
На прэс-канферэнцыі, якая прайшла 11 ліпеня ў Віцебскім аблвыканкаме, Барыс Святлоў звярнуўся да журналістаў па-беларуску.
Гэта не спадабалася шэрагу прадстаўнікоў замежных СМІ, акрэдытаваных на XXII Міжнародным фестывалі мастацтваў, інфармуе партал tut.by. Пасля ўступнага слова міністра ў першых шэрагах зала, дзе ў асноўным сядзелі супрацоўнікі расійскіх СМІ, пачуліся незадаволеныя галасы: “А зараз перакладзіце нам тое, што вы сказалі!”. Адна з жанчын прамовіла літаральна наступнае: “Мы здесь не лишние, во-первых!".
На сітуацыю тактоўна паўздзейнічаў вядучы прэс-канферэнцыі, вядомы расійскі артыст Сяргей Шусціцкі. “Мне кажется, что все cказанное и так понятно и не требует перевода”, — звярнуўся ён да незадаволеных мовай беларускага міністра. Інцыдэнт згладзіў сам Барыс Святлоў, які перайшоў на рускую і паабяцаў адказаць на любыя пытанні — на той мове, на якой яны прагучаць. Далейшыя пытанні міністру культуры задавалі па-руску, гэтак жа ён на іх і адказваў.
Нагадаем, "Славянскі базар" адкрыўся ў Віцебску ўвечары ў чацвер. Сёлета ён праходзіць у новым фармаце і працягнецца да 15 ліпеня. Фестывальная праграма ўключае каля 60 мерапрыемстваў, якія адбудуцца на 13 пляцоўках, у тым ліку 18 канцэртаў на сцэне Летняга амфітэатра.
У "Славянскім базары" паўдзельнічаюць прадстаўнікі 30 краін, у тым ліку Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Нямеччыны, Даніі, Ізраіля, Італіі, Кубы, Фінляндыі, Францыі.
У адкрыцці фэсту браў удзел кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Фота — tut.by