На з’ездзе БРСМ прэзентавалі беларускамоўную сацыяльную сетку
Яе стваральнік разлічвае аб’яднаць у гэтай сетцы беларускую моладзь.
Пераможца конкурсу “100 ідэй для Беларусі” Павел Бацылёў стварыў мабільны дадатак “У саюз з сябрамі”. Новую беларускую сацыяльную сетку ён прэзентаваў на з’ездзе БРСМ, паведамляе БЕЛТА.
Дадатак на беларускай мове распрацаваны для аперацыйнай сістэмы Android. Для таго, каб можна было карыстацца дадаткам, неабходнае інтэрнэт-злучэнне і ўключэнне геалакацыі. Пры дапамозе сервісу можна даведацца, на якой адлегласці знаходзяцца сябры, бясплатна размаўляць з імі ў анлайн-рэжыме. Дадатак сінхранізуецца са старонкамі ў сетцы Вконтакте, адкрываючы доступ да анкет з персанальнымі дадзенымі.
На распрацоўку дадатку Павел Бацылёў патраціў грант, атрыманы на конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Выступаючы на з’ездзе, малады чалавек выказаў упэўненасць, што яго праект “дапаможа аб’яднаць беларускую моладзь, і не дазволіць уцягнуць падлеткаў у дэструктыўныя аб’яднанні”.