Нацыянальную зборную па хакеі ўзначаліў Міхаіл Захараў
Настаўнік мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў стаў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі.
Адпаведнае рашэнне 20 жніўня было прынятае на пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея. Кандыдатуру Захарава рэкамендаваў трэнерскі савет, адзначае прэс-служба ФХБ.
"Адказнасць сур'ёзная, асабліва напярэдадні чэмпіянату свету ў Мінску ў 2021 годзе. Зараз у нас няма хакеістаў узроўню Калюжнага, але сумесна з трэнерамі клубаў будзем працаваць разам", — прыводзіць БЕЛТА словы Захарава на новай пасадзе. Ён дадаў, што натуралізацыя замежных гульцоў у беларускую зборную не зашкодзіць.
Кантракт з Захаравым падпісаны на два гады. Склад трэнерскага штаба яшчэ будзе абмяркоўвацца.
Міхаіл Захараў — заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь, майстар спорту СССР міжнароднага класа. Нацыянальнай зборнай ён кіраваў на чэмпіянатах свету-2004 і 2005, Алімпійскай кваліфікацыі-2005, а таксама на Алімпіядзе-2010 у Ванкуверы. Таксама неаднаразова працаваў асістэнтам галоўнага трэнера зборнай Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.