“Нахран нам тыя кітайцы? Мы самі можам будаваць — нам грошы трэба!”
Карэспандэнт Еўрарадыё убачыў, як ідзе будоўля Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка, пагаварыў з будаўнікамі, чыноўнікамі і мясцовымі вяскоўцамі
Візіт у Беларусь старшыні КНР Сі Цзіньпіна не толькі прынёс нашай краіне 7 мільярдаў кітайскіх крэдытаў, але і наноў прыцягнуў увагу да “Беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка”. Кіраўнікі краіны нават наведалі па дарозе ў аэрапорт гэты знакавы для беларуска-кітайскага сяброўства аб’ект. Зрабіў гэта ў той жа дзень, 12 траўня, і я. Трэба ж на ўласныя вочы пабачыць, хто і што там робіць, ды колькі ўжо зроблена!
Намеснік кіраўніка адміністрацыі “Вялікага каменя” Ігар Ляшчонак на просьбу правесці мяне на тэрыторыю індустрыяльнага парка заўважае: “Там жа ўваход вольны — і без мяне справіцеся”… І тлумачыць, як дабрацца да месца, дзе на тэрыторыі ў 80 квадратных кіламетраў, што займае парк, вядуцца працы і ёсць людзі, каб задаваць ім “пытаннечкі”.
Каб не заблукаць, еду па вядомай дарозе да аэрапорта “Мінск-2”, ля яго збочваю на Сокал і праз кіламетры чатыры падлатанай лясной дзвюхпалоскі проста на ўскрайку дарогі бачу шыльду з надпісам па-руску і па-кітайску “Індустрыяльны парк "Вялікі камень"”. А яшчэ метраў праз 50 сасновы лес, нібыта іншародная жоўтая шчарбіна, рассякае будоўля — кладуць новую шырокую дарогу. Пачынаючыся ад бігборда на вузкай дарозе “Аэрапорт-Сокал”, дзе Лукашэнка і Цзіньпін паціскаюць адзін аднаму рукі, будучы праспект губляецца недзе за сасновым небасхілам.
На ўскрайку лесу стаяць айчынныя “МАЗы” ды трактары, англійскія экскаватары JCB, ходзяць рабочыя звычайнай славянскай знешнасці. На кантакт ідуць лёгка.
“Бачыш, ідуць дзве дарогі? Адну будуем мы, другую — кітайцы, — распавядае адзін з кіроўцаў. — Пакуль толькі гэтая праца. Далі нам па дарозе, каб паглядзець, хто, што і як зрабіць можа. А потым ужо, відаць, будуць далей аб’ёмы дзяліць. Паглядзім, што нам дадуць пабудаваць…”
Пра заробкі мой суразмоўца пакуль нічога сказаць не можа — працуюць першы месяц і яшчэ нічога не атрымлівалі. Пра кітайцаў:
“Мы з імі ў Крычаве працавалі — кітайцы як кітайцы, нармальна мы з імі. Пагаварыць? А як ты пагаворыш з ім, калі мы ні халеры не разумеем?! Яны сабе і тут жывуць, і ў Крычаве жылі сваім гарадком, на працу арганізавана групкамі ходзяць. Ды, і калі гаварыць? Працу рабіць трэба…”
— Няўжо б мы самі тут, без кітайцаў, усё не пабудавалі?! — правакую суразмоўцу.
— Кітайцы ж даюць нам свае інвестыцыі: далі нам грошы і самі хочуць іх засвойваць, — пачынае тлумачыць мне прынцыпы кітайскага інвеставання беларускі кіроўца. Але потым заціхае і раптам выдае: Нахран нам тыя кітайцы? Мы самі можам будаваць — нам грошы трэба!
Махае рукой у бок кітайскай часткі будоўлі і ідзе да свайго МАЗа. Ну, хоць накірунак мне паказаў, дзе кітайцаў шукаць.
“Сёння, на будаўніцтвк працуе каля 120 кітайцаў, але ў хуткім часе іх тут будзе да 400”.
“Кітайская” дарога ідзе паралельна “беларускай” — метраў праз 300. Тут жа стаіць разборны адміністрацыйны будынак, а праз заасфальтаваную стаянку — агароджаны двухметровым плотам жылы кітайскі гарадок з разборнымі аднапавярховымі казармамі. На пляцы ля адміністрацыйнага будынка рабочыя разбіраюць навес, дзе віталі кіраўнікоў дзяржаваў. Але я яшчэ застаў і "рымскія калоны" ў кветках, і ўсе астатнія прыкметы нядаўняй прысутнасці тут высокіх кіраўнікоў. Нават невядома для чаго над пляцоўкай лётаў дрон.
У кітайскіх рабочых аўторак 12 траўня быў непрацоўным — сам старшыня КНР наведаў будоўлю! І ўсё носіць адбітак, што яго тут асабліва чакалі — вакол будынкаў і нават ухілы пачатку “кітайскай” дарогі выкладзеныя акуратнымі кавалкамі дзёрну. На самой дарозе — безліч кітайскіх і беларускіх дзяржаўных сцягоў. На ўзгорку ўздоўж яе горда пастаўленыя кітайскія экскаватары і грузавікі.
Там, дзе пару гадзін таму хадзілі кіраўнікі Беларусі і Кітая, цяпер спакойна хаджу я, гуляюць кітайскія рабочыя, фатаграфуюцца на фоне макета будучага індустрыяльнага парка і адразу скідваюць фоткі сваякам на радзіму.
За тым, як разбіраюць “прэзідэнцкі намёт”, сочаць прадстаўнікі беларускай адміністрацыі парка. Разгаварыліся…
“У тым, што нашы б з будаўніцтвам справіліся, няма ніякіх сумневаў! — упэўнівае мяне суразмоўца. — Але ж грошы “звязаныя”, ёсць двухбаковыя адносіны, ёсць дамоўленасці і таму…”
Сёння, на будоўлі працуе “каля 120 кітайцаў, але ў хуткім часе іх тут будзе да 400”. Пра мясцовы “чайна-таун” кажа наступнае: за парадкам на яго тэрыторыі кітайцы сочаць самі і большую частку свайго вольнага часу праводзяць там, але…
— Калючым дротам тут ніхто не агароджваў – у іх ва ўсіх ёсць працоўныя візы, дазвол на працу і чаму яны павінны быць абмежаваныя ў перасоўванні? Яны могуць пайсці ў мясцовую краму, нешта набыць сабе – чаму не?
— З мясцовымі дзяўчатамі пазнаёміцца калі змогуць…
— Ім нават “дабро” было такое дадзенае — а чаму не?! Яны тут легальныя работнікі. Могуць з’ездзіць у Мінск, пагуляць, паглядзець нашы славутасці. У іх кантрактах запісана, што яны павінны выконваць законы краіны, у якой знаходзяцца. І сёння яны асцерагаюцца выходзіць за межы сваёй тэрыторыі. У іх тут кантроль пастаўлены добра — не шастаюць яны тут нідзе.
І паказвае на менеджэра праекта з кітайскага боку: “Можаш у яго перапытаць”. У менеджэра, імя якога дрэнна ўспрыняў на слых, каб завязаць размову, пытаюся пра ўражанні ад Беларусі і беларусаў (вельмі прыгожая краіна і цудоўныя людзі), умовы працы (нас усё задавальняе), беларускіх рабочых-канкурэнтаў (вельмі добра і якасна працуюць). Нарэшце прытаюся пра дысцыпліну, знаёмства з беларускімі дзяўчатамі і беларускай гарэлкай.
— Я так разумею, што гэта жарт проста? Кітайцы ў Беларусь прыехалі працаваць — яны думаюць пра тое, як зарабіць больш грошай і як удасканаліць аб’ект. І для іх важная бяспека. Вы ведаеце кіраўніка адміністрацыі парка Андрэя Вадзімавіча Галя? У нас з ім было пагадненне: калі я змагу добра зрабіць дарогу, то ён праставіць мне гарэлку, калі не — то я яму. Перадайце праз сваё радыё яму: дарогу я нават удасканаліў і ён ужо мусіць мне прастаўляцца!
“Нахабныя яны ўсе. Вось, неяк выходжу з хаты, а на суку маёй яблыні сядзіць кітаец і грызе яблык”
Ад дарогі, якую будуюць кітайцы, да бліжэйшых дамоў вёскі Быкачына метраў 150. Насустрач па дарозе ідзе інтэлігентнага выгляду мужчына, цікаўлюся пра яго стаўленне да суседства з індустрыяльным паркам і кітайцамі. Прызнаецца, што адмыслова колькі гадоў таму набыў у гэтай лясной вёсцы дом, бо стаміўся ад горада. Не радуе яго і кітайскае суседства.
“Нахабныя яны ўсе. Вось неяк выходжу з хаты, а на суку маёй яблыні сядзіць кітаец і грызе яблык. Я яму крычу: “Ты чаго сюды ўзбіўся і жарэш мае яблыкі — валі давай!”, а ён лыбіцца, ціпа не разумее, сядзіць і грызе сабе! Спакою я хачу і цішыні, разумееш?”
Наша размова не застаецца незаўважанай: з-за варот суседняга дома, робячы выгляд, што заняты нейкай справай, да размовы прыслухоўваецца яшчэ адзін вясковец. Развітваюся з аматарам спакою ды лясной цішыні і падыходжу да таго ўважлівага слухача — што ён думае пра горад, які “прыйшоў да яго хаты”?
— Тут жа, каля нас, заводаў ніякіх не будзе — жылую зону пабудуюць. А горада я не баюся, я з яго не ўцякаў — усё жыццё на вёсцы. Хай сабе будуюць цывілізацыю…
— Зноў жа, крамы розныя побач будуць, паліклініка, стрыптыз-бары, — жартую.
— Крама у нас і так у суседнім Сокале ёсць, а тут у кожнага ў двары машына — гэта не праблема. А бары тыя… Не з нашымі заробкамі туды хадзіць, на стрыптызы тыя…
— Ну, а што кітайцы? Праўду казаў той мужык, што па садах яблыкі тыраць? У вас градкі цэлыя?
— Да няма ў іх часу недзе шастаць! Яны ж працуюць без выходных: ад рання і дапазна. Месяцы два яны жылі ў нашай вёсцы — дом ім адзін з нашых здаў пакуль ім жыллё пабудавалі. Жывуць сабе там ціхенька ў лесе і не відаць іх…
Ківае ў бок машыны, што едзе міма нас: “Ты во з ёй пагавары, усё табе раскажа — наша актывістка, класная жанчына!” Класную жанчыну завуць Святлана Каралёва. Яна таксама з тых, хто адмыслова з’ехаў са сталіцы на прыроду. Менавіта яна ад самага пачатку падбухторвала мясцовых жыхароў да супрацьдзеяння ўладам — каб індустрыяльны парк будавалі з іншага боку аэрапорта, не ў лесе, а на полі. Людзей не паслухалі. Аргумент — там ворныя землі. Галоўная бітва прайграная…
— Атрымліваецца, што мы ўсё ж будзем жыць у горадзе. І не проста ў горадзе, а з насельніцтвам у 350 тысяч жыхароў. І гэта будзе кітайскі горад.
— Кітайскі ў якім сэнсе — што тут будуць жыць адны кітайцы?
— Я думаю, што тут будуць жыць адны кітайцы…
— Таксама людзі!
— Канешне! І я супраць кітайцаў як людзей нічога не маю. Але тут ужо спрацоўвае беларускі кансерватызм: мы прывыклі да нашых лясоў, прывыклі, што мы маленькая вёска, а цяпер тут будзе зусім іншае жыццё. А яшчэ — сюды прыязджаюць кітайцы! Мы, беларусы, канешне, талерантныя, але не да такой ступені: мы іх не ведаем, і нам падаецца, што ў нас будзе нейкая пагроза. Праўда, пакуль пагроза не нам, а нашым лясам. Дамагчыся пераносу парка ў нас не атрымалася, і цяпер наша задача — хаця б абараніць наш лес, што ідзе па перыметры вёскі. Лес гэты ўнікальны, яму ўжо за 70 гадоў. А паводле плана будаўніцтва парка, у пачатку вёскі павінны быць стадыён і школа. Калі будуючы іх высекуць наш лес, то не будзе нічога паміж намі і хуткаснай страсай. Вы нават сабе не ўяўляеце, што такое шум хуткаснай трасы, дзе дазволеныя 120 кіламетраў у гадзіну!
Каб лепш адстойваць свае правы, жыхары вёскі Быкачына хочуць правесці вясковы рэферэндум, абраць свайго старасту і зарэгістравацца ў якасці юрыдычнай асобы. Такое мясцовае самакіраванне. Дарэчы, заканадаўствам гэта дазволена, праўда, ніхто яшчэ гэтым правам не скарыстаўся. "Паглядзім, — разважае Каралёва, — ці зможам мы скарыстацца законам “Аб мясцовым самакіраванні”".
Якая жа будзе карысць Беларусі ад індустрыяльнага парка з нулявым падаткаабкладаннем, каб дзеля гэтага выразаць нашы лясы? Лічба выгады дасягае 50 мільярдаў долараў у год.
— Першае, падаткі рэзідэнты парка не будуць плаціць толькі першыя 10 гадоў, тлумачыць намеснік кіраўніка адміністрацыі парка Ігар Ляшчонак, — да ўсяго, падаходны падатак і пэўныя іншыя яны будуць плаціць з першага дня працы. Яшчэ выгада, на якую мы разлічваем — кааперацыя з нашымі прадпрыемствамі праз стварэнне сумесных прадпрыемстваў. Плюс, далёка не ўсе запчасткі і камплектуючыя будуць прывозіць з Кітая — іх будуць вырабляць нашы вытворцы. Ну, і будзе задзейнічаная наша рабочая сіла.
— Значыць, працаваць на гэтых кітайскіх заводах будуць не толькі кітайцы?
— Усе кітайскія кампаніі, з якімі мы сустракаліся, з якімі ў нас падпісаныя пагадненні, кажуць, што яны зацікаўленыя ў мясцовай рабочай сіле. Калі толькі будзе недахоп спецыялістаў, тады будуць наймаць замежнікаў, у тым ліку, і кітайскіх. Справа ў тым, што сёння мы аналізавалі гэты рынак, кітайская рабочая сіла нават даражэйшая за беларускую. Па тых жа будаўнічых спецыяльнасцях. А яшчэ іх прывязі і пасялі…
Карацей, па словах прадстаўніка адміністрацыі, нам і кітайскай экспансіі не варта баяцца, і прыроду яны абяцаюць берагчы, відаць, тую, што застанецца па заканчэнні будаўніцтва, і карысць ад гэтага праекту будзе мець і краіна, і кожны беларус.
На сёння, пасведчанні рэзідэнтаў атрымалі 7 кампаній, яшчэ 14 — падпісалі пагадненні аб намеры стаць рэзідэнтамі парка. Ужо сёлета вядучыя кітайскія карпарацыі ZTE і Huawei пачнуць будаўніцтва высокатэхналагічных вытворчасцяў і чакаецца, што ў наступным годзе першыя вытворчасці пачнуць працаваць.
Фота: Змітра Лукашука