Намеснік міністра адукацыі рэзка раскрытыкаваў недзяржаўныя ўніверсітэты

Такое меркаванне ён выказаў на нарадзе адказных сакратароў прыёмных камісій устаноў вышэйшай адукацыі, перадае БЕЛТА.



"Па-першае, большасць з іх ніяк нельга назваць буйнымі, у іх слабая база і кантынгент выкладчыкаў. Па-другое, яны занялі нішу найменш затратных спецыяльнасцяў — з чыста тэарэтычнай падрыхтоўкай", — заявіў чыноўнік. Ён раскрытыкаваў тое, што прыватныя ВНУ прымаюць завочнікаў у два разы больш, чым вочнікаў. Працяг такой тэндэнцыі Жук назваў вельмі небяспечным.



Таксама ў віну "прыватнікам" ён паставіў тое, што яны арыентуюцца толькі на попыт насельніцтва і рыхтуюць пераважна спецыялістаў так званых прэстыжных прафесій — юрыстаў, эканамістаў. Пры гэтым, кажа намеснік міністра, яны забываюць найважнейшыя параметры — якасць падрыхтоўкі выпускнікоў і запатрабаванасць эканомікай.



Жук заявіў, што не супраць прыватных універсітэтаў увогуле, бо ўсім вядома, што большасць вядучых універсітэтаў планеты недзяржаўныя. Але, кажа ён, калі сёлета прыватныя ВНУ не зменяць суадносіны вочнікаў і завочнікаў,  то сітуацыю прыйдзецца змяняць кардынальна". Таксама чыноўнік лічыць непатрэбнымі ВНУ, у якіх студэнтаў-першакурснікаў менш за 100 чалавек.



Фота — ctv.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі