Намміністра спорту: Выязная пошліна ў 100 долараў зменшыць чэргі на мяжы
А Мінспорту "вітае усе крокі, якія змяншаюць чэргі на мяжы".
Ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі падчас прэс-канферэнцыі ў Мінску пракаментаваў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга.
Чэслаў Шульга: “Магчыма гэта зменшыць чэргі на мяжы. Мы вітаем усе крокі, якія змяншаюць чэргі на мяжы. Калі сёння знікнуць чэргі з шоп-турыстаў, гэта павялічыць наплыў заходніх турыстаў з Еўропы”.
Такім чынам, на карысць увядзення выязной пошліны ў "100 долараў з носа" знойдзены яшчэ адзін аргумент.
Нагадаем, пошліну для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, могуць увесці ўжо ў кастрычніку. Пра гэта ў размове з карэспандэнтам Еўрарадыё 11 верасня распавёў віцэ-прэм’ер Пётр Пракаповіч. Паводле яго слоў, цяпер пытанне прапрацоўваецца.
Фота: www.av.by.