Напад уладаў на свабоду слова мусіць спыніцца — Amnesty International
Дзмітрый Наважылаў і Ірына Леўшына ў судзе / БЕЛТА
У Amnesty International назвалі ілжывымі абвінавачванні ў "экстрэмізме", якія беларускія ўлады выстаўляюць журналістам на працягу апошніх двух гадоў. Дырэктарка Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс выступіла з заявай у сувязі з пачаткам суда "па справе БелаПАН". Тэкст заявы публікуе БАЖ.
"Справа БелаПАН увасабляе тое, як незалежныя СМІ ў Беларусі душацца на працягу двух гадоў пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў, падчас якіх улады вядуць жорсткую кампанію па пераследзе іншадумства", — адзначыла Стразерс.
Паводле яе слоў, беларускія ўлады не першы раз выстаўляюць ілжывыя абвінавачванні ў "экстрэмізме" журналістам, якія вырашаюць незалежна асвятляць падзеі.
У Amnesty International нагадалі, што такая палітыка парушае абавязацельствы, якія Беларусь узяла на сябе ў галіне правоў чалавека. Таму напад уладаў на свабоду слова мусіць спыніцца.
"Усе абвінавачванні з Ірыны Леўшынай, Дзмітрыя Наважылава, Андрэя Аляксандрава і Ірыны Злобінай мусяць быць знятыя. Усе рэпарцёры і работнікі СМІ, пазбаўленыя волі выключна за выкананне сваёй законнай журналісцкай дзейнасці па інфармаванні грамадскасці і раскрыцці злоўжыванняў уладаў, павінны быць неадкладна і безумоўна вызваленыя", — падкрэсліла Стразерс.
Суд "па справе БелаПАН" пачаўся напярэдадні. Па ім праходзяць дырэктарка агенцтва Ірына Леўшына, былы кіраўнік Дзмітрый Наважылаў, а таксама журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Ім прад'явілі мноства абвінавачванняў, сярод якіх — "стварэнне экстрэмісцкай групы", "дзяржаўная здрада" і "ўхіленне ад выплаты падаткаў". Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Раней беларускія ўлады прызналі навінавае агенцтва БелаПАН "экстрэмісцкім фарміраваннем".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.