"Не трэба ехаць у Беларусь". Некалькі спосабаў легалізаваць дзяцей у Польшчы

Дзеці / pixabay.com

Дзеці / pixabay.com

Паводле апошніх звестак Міністэрства замежных спраў Польшчы, у гэтую краіну пераехалі жыць больш за 300 000 грамадзян Беларусі. У новай краіне людзям даводзіцца сутыкацца з самымі разнастайнымі праблемамі. Каб вырашыць іх без лішняй валтузні і нерваў, беларусы звяртаюцца да юрыстаў.

"Мы сутыкаемся і з разводамі, і з заключэннем шлюбаў, — расказвае кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская. — Вядома, часам тут у нашых грамадзян нараджаюцца дзеці, а часта яны пераязджаюць разам з бацькамі або перабіраюцца да іх пазней. Тады ўзнікае пытанне — як жа іх легалізаваць?

Вельмі важна зразумець: няма ніякай неабходнасці выязджаць у Беларусь, каб аформіць дзіцяці дакументы. У Польшчы ўжо даўно існуюць механізмы, каб вырашыць гэтую праблему на месцы".

Какие есть способы легализации детей в Польше
Вольга Дабравольская / Еўрарадыё

Міжнародная абарона

Калі тата і мама чакаюць рашэння па міжнароднай абароне (спецыяльная працэдура па легалізацыі ў Польшчы для тых, хто абгрунтавана баіцца пераследу ў свой адрас у краіне паходжання), то дастаткова прыкласці да сваіх дакументаў пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці — яно будзе тут жа ўключанае ў гэтую працэдуру. Якое рашэнне будзе прынятае па легалізацыі бацькоў, такое і па ім. Пасведчанне аб нараджэнні мусіць быць арыгінальным. Не турбуйцеся, вам абавязкова яго вернуць.

 

Калі бацькі ўжо легалізаваныя

Бывае так, што бацькі ўжо атрымалі статус бежанца ці дадатковую абарону (можа быць дадзеная замежніку, які не дапавядае ўмовам атрымання статусу бежанца, калі вяртанне ў краіну паходжання можа падвергнуць яго рэальнай небяспецы). Тады можна падаць новую заяву ад імені дзіцяці, і яго таксама легалізуюць. Часцей за ўсё гэта будзе дадатковая абарона на падставе абароны бацькоў.

 

Калі ў бацькоў ужо ёсць ВНЖ

Калі бацькі знаходзяцца ў Польшчы на падставе віду на жыхарства, у тым ліку на падставе віду на жыхарства па гуманітарнай візе, існуе магчымасць весці адміністрацыйную працэдуру без пашпарта, падаўшы любы іншы дакумент, які пацвярджае асобу дзіцяці.

Часам бацькі ідуць у амбасаду, бяруць даведку пра вяртанне дзіцяці ў Беларусь і на падставе гэтага легалізуюць яго ў Польшчы, не выязджаючы на радзіму.

 

Як наконт выдачы польскага праязнога дакумента?

Нядаўна адбыліся змены ў заканадаўстве што да выдачы польскіх праязных дакументаў (часовая замена пасведчання асобы, якая выдаецца асобам без грамадзянства і замежнікам). Напрыклад, цяпер такі дакумент можа атрымаць чалавек, у якога ніколі не было пашпарта. Вам не давядзецца даказваць, што вы не можаце вярнуцца ў Беларусь або звярнуцца ў амбасаду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі