Ніна Багінская імаверна застанецца ў пастарунку да панядзелка

Праз тры гадзіны пасля затрымання Ніна Багінская з міліцэйскага пастарунка так і не выйшла. Як паведаміла Еўрарадыё грамадская актывістка Галіна Сіўчык, затрыманую адвезлі ў Маскоўскі РУУС Мінска.

Сіўчык: “Яе яшчэ няма — яна ў Маскоўскім РУУС. Але тут праходзілі міліцыянты, якія тут патрулююць, я ім кажу: “Калі спадарыню Багінскую вызваляць?”, а яны кажуць, што магчыма ў панядзелак”.

Нагадаем, сёння актывісты руху салідарнасці “Разам” і грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” ушанавалі памяць ахвяр смаленскай катастрофы — усклалі кветкі і запалілі лампадкі ля Чырвонага касцёлу ў Мінску. Па заканчэнні жалобнай акцыі Ніна Багінская разгарнула бел-чырвона-белы сцяг. Але ўжо праз некалькі хвілін была затрыманая міліцыянерамі.

Акцыя ладзілася з нагоды гадавіны авіякатастрофы, якая здарылася 10 красавіка 2010 года. Тады падчас пасадкі на аэрадром “Смаленск-Паўночны” разбіўся прэзідэнцкі самалёт Ту-154М. У авіякатастрофе загінулі 88 пасажыраў і 8 чальцоў экіпажу. У тым ліку — прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі, шэраг палітыкаў, амаль усё вышэйшае ваеннае камандаванне, грамадскія і рэлігійныя дзеячы.

Фота: belprauda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі