Новым кіраўніком ДПК Беларусі стаў выпускнік Памежнай акадэміі ФСБ Расіі

Канстанцін Моластаў / gpk.gov.by
Канстанцін Моластаў / gpk.gov.by

Аляксандр Лукашэнка прызначыў новага старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі. Ім стаў начальнік Гродзенскай памежнай групы Канстанцін Моластаў. Ён ураджэнец Расіі. Нарадзіўся 30 мая 1970 года ў горадзе Чырвонаармейск Саратаўскай вобласці. Вучыўся ў Алмацінскім вышэйшым памежным камандным вучылішчы, а таксама ў Памежнай акадэміі ФСБ Расіі. Пазней скончыў Акадэмію МУС Беларусі і Акадэмію кіравання.

Моластаў памяняў на гэтай пасадзе Анатоля Лапо, які ўзначальваў памежнае ведамства са снежня 2016 года. Падчас кіраўніцтва Лапо на межах Беларусі з ЕС здарыўся міграцыйны крызіс. У заходніх краінах лічаць, што беларускія ўлады нясуць адказнасць за яго арганізацыю, а беларускія памежнікі дапамагалі мігрантам парушаць мяжу. Вялікая колькасць інцыдэнтаў адбывалася якраз на мяжы ў Гродзенскай вобласці. Беларусь мяжуе тут з Літвой і Польшчай.

Пасаду міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі страціў Андрэй Хмель. Лукашэнка прызначыў яго старшынёй Гродзенскага гарвыканкама. Пры гэтым ён сказаў, што даўно думаў пра тое, каб знайсці Хмелю “нейкую іншую працу". Пра новага мэра для Гродна, са слоў Лукашэнкі, папрасіў кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі