Onliner аднавіў працу ў даменнай зоне ru

Папулярны партал Onliner.by, які 20 снежня быў выключаны з рэестра нацыянальнай даменнай зоны за парушэнне заканадаўства аб гандлі, аднавіў працу ў зоне ru і даступны ў дадзены момант па адрасе onliner.ru. Адзначым, што на сайце адкрываюцца толькі інфармацыйныя матэрыялы. Каталог тавараў не працуе.

“Onliner.by выступае за развіццё цывілізаванага інтэрнэт-гандлю і абарону правоў спажыўцоў. Мы на 100% беларуская кампанія, і ўся наша праца на працягу 14 гадоў была накіравана на паляпшэнне якасці жыцця мільёнаў беларусаў, — гаворыцца ў прэс-рэлізе партала, размешчаным на сайце onliner.ru. — Мы спраўна плацім падаткі ў Беларусі і дапамагаем развіваць бізнес тысячам беларускіх прадпрыемстваў і прыватных прадпрымальнікаў, ствараем працоўныя месцы па ўсёй краіне, у тым ліку для кампаній, якія вырабляюць тавары і паслугі ў нашай краіне. Onliner.by робіць усё, каб адпавядаць патрабаванням Мінгандлю, у тым ліку па прасоўванні айчынных тавараў. Мы аператыўна ўкараняем шэраг зменаў на сайце, прадпісаных Міністэрствам гандлю. Onliner.by заўсёды гатовы для далейшага супрацоўніцтва. Калектыў кампаніі, нашы наведвальнікі і кліенты спадзяюцца на больш хуткае вырашэнне праблемнай сітуацыі”.

Нагадаем, у другой палове дня 20 снежня на сайце Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі з’явілася паведамленне пра тое, што дамен Оnliner.by выключаны з рэестра нацыянальнай даменнай зоны за парушэнне заканадаўства аб гандлі.

У заяве ў прыватнасці гаворыцца, што “ўладальнік інтэрнэт-рэсурсу onliner.by парушыў заканадаўства аб гандлі, у тым ліку правілы, якія рэгулююць парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) з выкарыстаннем сеткі інтэрнэт. Паводле інфармацыі Мінгандлю, уладальніку сайта далі час на ліквідацыю парушэнняў, але ў вызначаны тэрмін меры прынятыя не былі. Таму 20 снежня 2014 года прынята рашэнне выключыць адпаведнае даменнае імя з рэестра нацыянальнай даменнай зоны”.

На папулярным сайце існавала не толькі інфармацыйная служба, але і дзейнічала пляцоўка па продажы разнастайных тавараў. Хутчэй за ўсё, нагодай для такіх мераў стала тое, што некаторыя крамы ўказвалі кошт на свае тавары ў валюце.

Еўрарадыё звярнулася па каментар да супрацоўнікаў сайта. Яны паведамілі, што сайт не працуе "па тэхнічных праблемах" і што іх юрыдычная служба разбіраецца з праблемай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі