Пачаліся пасяджэнні рабочых груп Стратэгічнага дыялогу Беларусь — ЗША
Валерый Кавалеўскі
Пачаліся пасяджэнні рабочых груп Стратэгічнага дыялогу Беларусь — ЗША, паведамляе прэс-служба Аб'яднанага Пераходнага кабінета Беларусі. Дамоўленасці пра Стратэгічны дыялог былі дасягнутыя ў снежні 2023 года ў Вашынгтоне.
У рамках дыялогу былі створаныя шэсць рабочых груп з палітычных прадстаўнікоў ЗША і дэмакратычных сіл Беларусі па наступных кірунках:
— дэмакратыя і палітычныя пытанні;
— правы чалавека і палітвязні;
— механізмы адказнасці;
— прыватны сектар і прадпрымальніцтва;
— СМІ і барацьба з прапагандай;
— ідэнтычнасць, культура, адукацыя, спорт і дыяспара.
Каментуючы першы раўнд пасяджэнняў рабочых груп, намеснік кіраўніцы, прадстаўнік па замежных справах кабінета Валерый Кавалеўскі, адказны за каардынацыю працы ў рамках Стратэгічнага дыялогу, заявіў:
"Стратэгічны дыялог — унікальны механізм, які замацаваў месца Беларусі ў знешнепалітычным парадку дня ЗША. Таксама вельмі каштоўна, што прадстаўнікі беларускай грамадзянскай і аналітычнай супольнасці могуць назіраць за працай Стратдыялогу і рабіць у яго ўнёсак".
На першым раўндзе пасяджэнняў рабочых груп былі абмеркаваныя:
— парушэнні правоў чалавека і праблемы вызвалення палітзняволеных;
— дзейнасць дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку прафсаюзнага руху;
— пагрозы незалежнасці і суверэнітэту Беларусі з боку Расіі;
— выкарыстанне механізмаў ААН для прасоўвання беларускай праблематыкі;
— санкцыйны ціск і міжнародна-прававая адказнасць рэжыму Лукашэнкі за здзейсненыя злачынствы.
Беларусь прадстаўлялі ці прысутнічалі ў якасці назіральнікаў прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінета, Офіса Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Рады, беларускай грамадзянскай і аналітычнай супольнасці, а таксама прафесійных аб'яднанняў і праваабарончых ініцыятыў.
З амерыканскага боку ў Стратэгічным дыялогу бралі ўдзел прадстаўнікі Дзярждэпартамента, Міністэрства фінансаў, Агенцтва па міжнародным развіцці, Міністэрства працы.
Рабочыя групы працягнуць сваю дзейнасць у маі 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.