Падатковая: Бабулі ля рынку — іншы артыкул. За гандаль у незаконным месцы!
Як размяжоўваюць “бабулек з закаткамі” і “нелегальных гандляроў” праваахоўныя органы па даручэнні Ладуцькі.
Сёння зранку ахова ля “Камароўкі” ўжо пачала ганяць нелегальных гандляроў кропам ды яблыкамі — прычым ганяюць не толькі перакупшчыкаў, але і бабулек.
Днямі старшыня сталічнага выканкама Ладуцька даручае разабрацца з нелегальным гандлярамі-перакупшчыкамі. Ля “Камароўкі” іх дзясяткі: хто прадае па зніжках сумкі, хто садавіну-гародніну.
“У мяне ўсё сваё, а яны ж не сваё прадаюць! Якая ў іх тут праца? Стаяць са скрынямі, карзінамі. Я пытаюся ў ахоўнікаў — чаму вы мяне ганяеце — вы ганяйце перакупшчыкаў! А я сваё прадаю!” — з Ладуцькам Марыя Антонаўна цалкам згодная і сама гандлюе ў неўстаноўленым месцы.
Пенсіянерцы — 83 гады! І едзе ў сталіцу Марыя Антонаўна з Асіповічаў прыкладна раз на два тыдні. Стаіць ля кірмаша па дзвюх прычынах: па-першае, за месца, за экспертызу трэба заплаціць, а па-другое — стаяць нават паўдня яна ўжо не здужае. Таму сядзіць на бардзюры ля магазіна мэблі.
На імправізаваным прылаўку ў Марыі Антонаўны — 5 кілаграмаў памідораў, кіло агуркоў, дзесятак яек і часнок. За кіло памідораў просіць 10 тысяч рублёў, галоўка часнаку — 2,5 тысячы.
“Ну, колькі я прывязу? У мяне тачка, вось я і важу патрошку. Калі на 100 тысяч нагандлюю — гэта шчасце, але я не скарджуся. Купляйце памідоры — яны без нітратаў”, — паспявае рэкламаваць сваю прадукцыю Марыя Антонаўна.
Па словах Марыі Антонаўны, яе пенсія — толькі 1,6 мільёна рублёў “а трэба за камуналку заплаціць, жыць на штосьці”. Летнім гандлем яна зарабляе не на ежу, а на… зімовыя боты.
“Папярэднія боты пяць гадоў насіла, рассыпаліся ўжо на мне. Не ведаю, колькі яшчэ пражыву, але я б хацела добрыя моцныя боты, беларускія, а яны каштуюць мільён. Дык як я, не ўгандляваўшы на кірмашы змагу гэта купіць?”
Пра аблавы аховы і міліцыянераў пенсіянерка ведае. Калі зганяюць, яна збірае тавар і сыходзіць, але праз колькі часу сядае на ранейшае месца. Па словах жанчыны, сярод міліцыянераў трапляюцца людзі спагадлівыя.
“Аднойчы прыйшлі, кажуць мне сыходзіць, але маладыя былі хлопцы і адзін аднаму кажа: ну хай бабулька прадасць ўжо”.
Як даведалася Еўрарадыё, падатковыя інспекцыі раёнаў Мінска разам з міліцыяй перыядычна робяць такія рэйды. На першы раз нелегальных гандляроў папярэджваюць:
“І самі правяраем, і з міліцыяй. Першы раз — папярэджваем, наступным разам караем. Штраф за незаконны гандаль — да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару і выручкі”.
Еўрарадыё: Дык мэр Ладуцька сказаў, каб бабулек не чапалі?
Падатковая: Вы ж не блытайце: нелегальны гандаль і гандаль ва неўстаноўленых месцах гэта розныя артыкулы, і больш да міліцыі адносіцца. На першы раз мы іх папярэджваем.