Падазраваны ў забойстве ў Бабруйску падлеткам забіў суседа за каністру бензіну

Падазраваны ў забойстве ў Бабруйску падлеткам забіў суседа за каністру бензіну

Аляксандр А., падазраваны ў забойстве дзвюх дзяўчат у Бабруйску, у юнацтве ўжо адседзеў тэрмін за забойства. Пра гэта Еўрарадыё распавяла суседка 36-гадовага бабруйчаніна:


"У нашага суседа ў падвале прапала каністра з бензінам. Ён западозрыў, што каністру скраў гэты хлопец, і выказаў яму гэта, бо раней бачыў яго ў падвале. Праз нейкі час, калі гэты мужчына ўвечары сядзеў на лавачцы і курыў, Аляксандр яму адпомсціў: падышоў і некалькі разоў пырнуў у жывот нажом. Мужчына быў у коме і памёр. Гэта была яго першая судзімасць".


20 ліпеня ў Бабруйску ў кватэры на вуліцы Лынькова знайшлі забітымі дзвюх дзяўчат. Адна з іх паспела пазваніць у міліцыю і пракрычаць, што яе забіваюць, але не змагла назваць дакладны адрас. Калі міліцыя знайшла тую самую кватэру, дзяўчаты былі нежывыя.


Па словах крыніцы Еўрарадыё, Аляксандр А. жыў у той кватэры на Лынькова разам з маці. У ноч, калі адбылося злачынства, жанчына была на лецішчы. Сам Аляксандр А. у 2016 годзе выйшаў з турмы і пэўны час жыў з маці. А ў апошнія месяцы пражываў разам з сужыцелькай у цэнтры Бабруйска.


У дзень перад трагедыяй Аляксандр з'явіўся ў іх двары, кажа суразмоўца Еўрарадыё. Дагэтуль яго не было відаць. Суседзі бачылі, як ён піў піва разам з іншым суседам.


"Ён прагульваўся па двары, з намі павітаўся — мы сядзелі на лавачцы. Мы з ім асабіста не кантактавалі. Але на выгляд ён быў прыстойны. Заўсёды вітаўся пасля таго, як вызваліўся з-за кратаў. Кепскае пра яго, канечне, ведалі. Але тое, што здарылася, нас шакавала".


Суседка кажа, што дзяўчаты, якія загінулі ў кватэры, працавалі прадавачкамі ў краме. Адна з іх — не бабруйчанка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі