Падслухалі на рынку, што ў Беларусі скончацца шампіньёны. Праверылі чуткі

"Не было б большай бяды, чым тыя зніклыя шампіньёны" / pixabay
"Не было б большай бяды, чым тыя зніклыя шампіньёны" / pixabay

"Хутка ў Беларусі будуць перабоі з шампіньёнамі, — запалохалі чытача Еўрарадыё на адным з мінскіх рынкаў. — Кажуць, не хапае імпартнага торфу ў вытворцаў".

Мы высветлілі, ці будуць шампіньёны не толькі да навагодняга стала, але і ў наступным годзе.
 

“Інавацыйны торф”

У Беларусі вытворчасцю шампіньёнаў займаецца 30 прадпрыемстваў, якія імпартуюць грунт. Але ў канцы лета Мінэнерга даў справаздачу аб пачатку будаўніцтва ўласнай лініі па выпуску грунту для шампіньёнаў. Вытворчасць грунту стварылі на базе торфабрыкетнага вытворчага ўпраўлення ў Брэсцскай вобласці.

Подслушали на рынке, что в Беларуси закончатся шампиньоны. Проверили слух
Шампіньёны / pixabay

Эканаміст Яраслаў Раманчук тады раскрытыкаваў Міністэрства і прадпрыемствы Брэсцкай вобласці, якія займаліся распрацоўкай праекта.

“У той час, як свет радуецца штучнаму інтэлекту, вытворчасці беспілотных аўтамабіляў і гэтак далей, беларускія ўлады радуюць нас інавацыйным грунтам. Калі так далей пойдзе, інавацыйная сасна ў нас з'явіцца, інавацыйнае пілавінне...", — гаворыць Раманчук у эфіры праграмы "Эканоміка здаровага сэнсу".

Але, выходзіць, з грунтам на самай справе праблемы? Еўрарадыё папрасіла Раманчука супакоіць тых беларусаў, якіх устурбавала патэнцыйнае знікненне грыбоў з рынку.

— Сам факт, што за 30 гадоў беларусы пры дапамозе Нацыянальнай акадэміі навук і ўсіх тэхналогій не маглі зрабіць штосьці, што забяспечвала б вырошчванне шампіньёнаў і вымушаныя былі імпартаваць грунт, маючы торф, кажа пра тое, наколькі адсталай з'яўляецца тэхналагічная база нават у аграрнай вытворчасці.

Той факт, што вытворцы шампіньёнаў скардзяцца на недахоп грунту, кажа альбо пра тое, што яны хочуць дзяржаўнай падтрымкі, альбо папярэджваюць, што будуць павышацца цэны на канчатковыя тавары, таму што трэба будзе праз нейкі схематоз завозіць імпартны грунт, які больш нельга купіць напрамую.

— Ну, а хіба гэта так кепска, што кампаніі былі завязаныя на імпарце?

— Натуральна, што лепшы варыянт для малой эканомікі — жыць у адкрытым свеце, гандляваць, мець стасункі. Калі такая магчымасць знікае, мы маем страты на 20 млрд долараў замарожаных інвестыцыйных праектаў.

Гэта страты ад абуральнага стаўлення да грамадзянскай супольнасці, да палітычных актывістаз, да інстытутаў. Гэта страта і чалавечага капіталу, і тых рэсурсаў, тых вытворчасцяў, якія нармальна б працавалі і нікому б да галавы не прыйшло, што трэба думаць пра поўны цыкл вытворчасці шампіньёнаў у Беларусі.

Подслушали на рынке, что в Беларуси закончатся шампиньоны. Проверили слух
Шампіньёны / pixabay

Зрэшты, наша пытанне Раманчук лічыць падарункам для беларускай прапаганды. Маўляў, калі беларусаў гэтак турбуе магчымая праблема з пастаўкай шампіньёнаў, значыцца, узровень дабрабыту ў іх дастаткова высокі і да пагрозы "пустых рондаляў" далёка.

Не будзе ніякага дэфіцыту на сталах перад Новым годам. Усё завязуць кантрабандай з Польшчы, з Літвы, з Расіі, з Турцыі. У сучасным свеце, калі няма жалезнай заслоны, дэфіцыту ўжо не будзе. Зразумелая справа, калі вы асабліва любіце нейкі канкрэтны выгляд сыру, нейкі від грыбоў або прашута пятнаццацігадовай вытрымкі — гэтага можа не быць. Але гэта далёка не тыя праблемы, якія хвалююць большую частку насельніцтва.
 

“Не было б большай бяды, чым тыя зніклыя шампіньёны”

Еўрарадыё пад выглядам занепакоенага пакупніка патэлефанавала аднаму з беларускіх вытворцаў грыбоў-шампіньёнаў. На наша пытанне суразмоўца адказаў пытаннем:

— Дзе будуць перабоі? У нас?

— Кажуць, імпартнага торфу не стае.

— Усе праблемы вырашальныя. Не ведаю, хто вам сказаў, што шампіньёнаў не будзе. Будуць! І з цэнамі ўсё добра будзе, кіньце, не трэба пераймацца! Будзем працаваць, будзем вырошчваць і не губляць аптымізму. Ужо на такое глупства ў сучасным свеце не трэба звяртаць увагі.

— Нас прадаўцы на рынку запалохалі!

— Злыдні, хацелі вам усунуць як даражэй! Не было б большай бяды, чым тыя зніклыя шампіньёны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі