Палітзняволеная Наталля Хершэ адмаўляецца шыць форму для сілавікоў

Наталля Хершэ / TUT.BY
Наталля Хершэ / TUT.BY

Палітзняволеная Наталля Хершэ, якая зараз адбывае пакаранне ў гомельскай калоніі, адмаўляецца шыць форму для амапаўцаў.

Пакуль цэх, дзе яна працуе, адшывае грамадзянскую вопратку. Але хутка заказ будзе выкананы, а іншых заказаў пакуль няма. Калі яны не з'явяцца, работнікаў цэха абавяжуць шыць форму для сілавых ведамстваў.

Наталля Хершэ праз брата звярнулася да прадпрыемстваў і кампаній, якія маюць патрэбу ў спецвопратцы для работнікаў. Яна просіць іх замовіць пашыў у папраўчай калоніі Гомеля, паведамляе тэлеканал "Белсат".

Хершэ нагадвае, што калі ёй давядзецца адмовіцца ад працы, то яе могуць пазбавіць карэспандэнцыі, пасылак або сустрэч з роднымі. Раней такім чынам пакаралі іншую палітзняволеную Вольгу Класкоўскую.

Наталля Хершэ — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У пачатку снежня яна была асуджаная на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі. Падчас жаночага маршу 19 верасня Наталля сарвала з амапаўца балаклаву. Сваю віну жанчына не прызнала. Улады Швейцарыі настойваюць, што "наша суграмадзянка павінна быць вызваленая".

Справа Наталлі Хершэ зноў абмяркоўвалася падчас візіту міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея ў Бэрн. Напярэдадні ён сустракаўся там з Іньяцыа Касісам, віцэ-прэзідэнтам Федэральнай рады, кіраўніком дэпартамента замежных спраў Швейцарскай Канфедэрацыі.

"Касіс праінфармаваў аб падыходах швейцарскага боку да падзей у Беларусі, пазначыў праблему вядомай грамадзянкі Н. Хершэ",  паведаміў па выніках сустрэчы беларускі МЗС.

Іньяцыа Касіс са свайго боку распавёў, што яшчэ раз агучыў Макею пазіцыю Швейцарыі: у Беларусі павінны быць гарантаваныя асноўныя правы чалавека, а за іх парушэнні павінна быць прадугледжана пакаранне.

Политзаключенная Наталья Херше отказывается шить форму для силовиков
Іньяцыа Касіс і Уладзімір Макей / МЗС Швейцарыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі