Палітзняволены Андрэй Бандарэнка абвясціў галадоўку
Андрэй Бандарэнка, былы незалежны кандыдат у дэпутаты, абвінавачаны ў эканамічным злачынстве і асуджаны да 7 гадроў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, абвясціў у турме галадоўку. Ён пратэстуе супраць несправядлівага абвінавачання, паведамляе сайт Аб'яднанай грамадзянскай партыі. "Спадар Бандарэнка абраў для сябе менавіта такі варыянт пратэсту, — кажа адвакат Бандарэнкі Зміцер Лаеўскі. — Са свайго боку я і мой калега-адвакат выкарыстоўваем працэсуальныя метады — рыхтуецца падача скаргаў. Ну а Андрэю нічога не застаецца акрамя таго, каб вось такім чынам выказваць пратэст".
Паводле Змітра Лаеўскага, Бандарэнка абвінавачваецца ў незаконным авалоданні грашовым сродкамі, але доказаў гэтага абвінавачанне не прадаставіла. Акрамя таго, паводле пасады (бізнэс-кансультант) абвінавачанага нельга кваліфікаваць як адказную службовую асобу. Таксама адвакат лічыць, што ў справе Бандарэнкі ёсць яшчэ цэлы шэраг слабых месцаў з боку абвінавачання.