Памежнікі спынілі трох мінскіх "сталкераў", якія ішлі на Чарнобыльскую АЭС
26 верасня мазырскія памежнікі разам з міліцыянтамі ў населеным пункце Вербавічы за 30 км ад дзяржаўнай мяжы затрымалі трох грамадзян Беларусі.
Як паведамляе сайт Памежнага камітэта, усе трое затрыманых — жыхары Мінска. Маладыя людзі збіраліся незаконна перайсці мяжу і незаконна трапіць ва Украіну — у зону адчужэння. Акрамя таго, мэтай іх падарожжа быў чацвёрты энэргаблок Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі — той самы, на якім у 1986 годзе адбыўся выбух.
Пры сабе ў мінскіх "сталкераў" памежнікі выявілі навігатар, планшэты з загружанымі мапамі мясцовасці на гэтым напрамку, тры радыёстанцыі, ліхтары, спальныя мяшкі, намёты, тэрмаізаляцыйныя дыванкі і прадукты харчавання.
На мінчукоў склалі пратаколы за парушэнне мяжы. Ідзе разбіральніцтва.