Парашэнка: ніводная палітсіла не будзе мець узброеных арганізацый

У панядзелак, 13 ліпеня, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка правёў паседжанне Ваеннага кабінета Савета нацыянальнай бяспекі і абароны, прысвечанае падзеям у Мукачаве і ў зоне правядзення антытэрарыстычнай аперацыі. Як паведамляе УНІАН, Парашэнка даручыў МУС, СБУ раззброіць усе незаконныя ўзброеныя фармаванні.

"Гэта дыскрэдытацыя сапраўдных патрыётаў Украіны, — гаварыў прэзідэнт. — Ніводная палітычная сіла не павінна і не будзе мець ніякіх узброеных арганізацый. Ніводная палітычная арганізацыя не мае права заводзіць банальныя крымінальныя групоўкі".

Нагадаем, 11 ліпеня ў горадзе Мукачава ў Закарпацкай вобласці Украіны адбылася перастрэлка. У ёй удзельнічалі байцы "Правага сектара" (а сярод іх удзельнікі баёў на Данбасе) і ахова бізнэсмена, дэпутата Вярхоўнай Рады Міхаіла Ланьё. На баку апошняга выступіла і міліцыя. Нацыяналісты з боем вырваліся з акружэння, яны страцілі 2 чалавекі забітымі і 4 параненымі. Былі параненыя і 6 праваахоўнікаў, а таксама некалькі цывільных асобаў. Ужо два дня спецслужбы пры падтрымцы бронетэхнікі і верталётаў спрабуюць затрымаць байцоў "Правага сектара" ў лясах і гарах, але няўдала. У бальніцы апынуліся толькі двое параненых украінскіх нацыяналістаў. Тым часам распачалася інфармацыйная вайна супраць ПС, калі ў СМІ ўкідваецца інфармацыя, якая пасля не пацвярджаецца.

На сённяшняй нарадзе Пётр Парашэнка заявіў, што канфлікт у Мукачава ўзнік з-за пераразмерквання плыняў кантрабанды. Ён запатрабаваў неадкладна "разблытаць клубок застарэлых праблем". Праваахоўнікі мусяць прадэманстраваць рашучыя дзеянні ў барацьбе супраць кантрабанды.

"Не дапамогуць ні дэпутацкія мандаты, ні сувязі ва ўладзе", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі